Бабруйск: у “другой хвалі” рэгістрацыі ініцыятыўных груп -- начальнікі і чыноўнікі
У трох Бабруйскіх акруговых выбарчых камісіях завершыўся прыём дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Нагадаем, што ў першыя дні дакументы ў ВК панеслі прэтэндэнты ад дэмакратычнай супольнасці, а пазней да іх далучыліся канкурэнты з моцным “тылам” - начальнікі і чыноўнікі.
У Першамайскім раёне супернікамі Алега Жалнова (АГП) і Уладзіміра Шчарбатых (Гавары праўду) будуць начальнік Бабруйскага вузла электрасувязі РУП "Белтэлекам" Аляксандр Бабцоў і начальнік зборачнага цэха №2 ЗМШ ААТ "Белшына" Віталь Уласевіч.
Традыцыйна большасць прэтэндэнтаў зарэгістраваліся ў Ленінскай акруговай камісіі. У гэты раз іх сем. Нагадаем, тут ужо зарэгістраваліся ініцыятыўныя групы Таісіі Кабанчук (БХД) і Таццяны Гутаравай (Гавары праўду). Таксама рэгістрацыю атрымалі каманды Ірыны Рынейскай, яна начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму гарвыканкаму, Дзмітрый Чыстабаеў займае пасаду намесніка дырэктара па вытворчасці друкарні імя Непагодзіна. Зноў спрабуе свае сілы Руслан Чэвычэлаў, дырэктар прыватнага будаўнічага прадпрыемства "Бугель". На мінулых выбарах у ПП НС яго ініцыятыўная група не здолела сабраць неабходную колькасць подпісаў, і да рэгістрацыі справа не дайшла. Кампанію ім складуць Аляксандр Кісель, ахоўнік крамы "Ноев ковчег", і Сяргей Белянаў, супрацоўнік дзіцячага садка.
У камісіі Сельскай выбарчай акругі зарэгістраваныя чатыры ініцыятыўныя групы. Андрэй Архіпенка прадстаўляе кампанію "Гавары праўду", Арсень Чыгір - БХД. У іх даволі сур'ёзныя канкурэнты - Марыя Сушчанка, старшыня Глушанскага сельскага выканкаму і дэпутатка Глушанскага сельскага Савету дэпутатаў, ды Ігар Кананчук - генеральны дырэктар ААТ "Бабушкина крынка".