Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Слонім: тры прэтэндэнты ў кандыдаты адначасова пачалі пікетаванні па зборы подпісаў (фота)

Слонім. Пікет па зборы подпісаў за вылучэнне сябра БХД Алеся Масюка.
Слонім. Пікет па зборы подпісаў за вылучэнне сябра БХД Алеся Масюка.

У суботу, 9 ліпеня, у цэнтры Слоніме з’явіліся адразу чатыры пікеты, на якіх сябры ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў у кандыдаты збіралі подпісы за іх вылучэнне.

Два з іх – па зборы подпісаў у падтрымку вылучэнца ад Партыі БНФ Івана Шэгі. Адзін пікет стаяў каля рынку, другі – у скверыку на плошчы Леніна. Па словах сяброў ініцыятыўнай групы Паўла Савасцьяна і Віктара Марчыка, за першую гадзіну яны сабралі па 10-15 подпісаў за былога доктара Івана Шэгу. Павел  Савасцьян адзначыў, што людзі падыходзяць да пікетаў і вельмі шчыра выказваюць сваё незадавальненне ўладай. “Прытым, гэта людзі розных узростаў, асабліва шмат людзей старэйшага пакалення, чаго на ранейшых выбарах не было”, -- сказаў Павел Савасцьян.

Каля рынку пікет распачалі і сябры БХД, якія збіраюць свае подпісы за слонімскага прэтэндэнта ў кандыдаты ад хрысціянскіх дэмакратаў Алеся Масюка.

І чацвёрты пікет на плошчы Леніна ў Слоніме распачала дзеючая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ала Сопікава. Гэта здзівіла не толькі яе патэнцыйных канкурэнтаў на выбарах, але і саміх жыхароў Слоніма. На пытанне: “Ала Мікалаеўна, вы зноў вырашылі балатавацца ў дэпутаты? -- спадарыня Сопікава адказала: “Так, паспрабую пазмагацца яшчэ раз!”. Пры гэтым слонімцы добра памятаюць яе мінулыя перадвыбарныя абяцанні, найперш тыя, дзе Сопікава абяцала, што будзе выступаць супраць павышэння пенсійнага ўзросту, а, калі стала дэпутатам, то не выканала свайго абяцання. Пенсійны ўзрост павысілі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары