Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Ад 4 да 7 ініцыятыўных груп зарэгістравана на выбарчых акругах у Гродне. Рэгістрацыя адной ініцыятыўнай групы скасавана

Гродна. Інфармацыйны плакат "Выбары-2016"
Гродна. Інфармацыйны плакат "Выбары-2016"

   Гродзенскія незалежныя назіральнікі адзначаюць вылучэнне альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у дэпутаты па выбарчых акругах абласнога цэнтру, а таксама дастаткова вялікую колькасць зарэгістраваных ініцыятыўных груп. Яны лічаць,, што ўжо на дадзеным этапе відавочна, каго вылучае ўладная “вертыкаль” і хто ўрэшце стане дэпутатам па якой акрузе.

  Па Гродзенскай-Ленінскай выбарчай акрузе №52 на другім паседжанні камісіі зарэгістраваныя  яшчэ тры ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў у кандыдаты. Была зарэгістраваная ініцыятыўная група Алега Урублеўскага, прадстаўніка ЛДПБ, ён сам старшыня гэтай групы. Асоба Алега Урублеўскага невядомая ў дэмакратычных колах Гродзеншчыны. Пад нумарам 4 зарэгістраваная ініцыятыўная група Валеры Кісяля, прадстаўніка Партыі БНФ. Яна налічвае 11 чалавек, а старшыня – Вадзім Саранчукоў. Сам Валер Кісель прысутнічаў на паседжанні акруговай камісіі. Зарэгістраваная па гэтай акрузе і ініцыятыўная група Мікалая Баўсюка, вядомага як лідара мясцовага БХД. Ініцыятыўная група складаецца з 19 чалавек, а ўзначальвае яе сам Баўсюк. З груп Урублеўскага і Баўсюка на паседжанні ніхто не прысутнічаў. Напомнім, што раней па гэтай акрузе былі зарэгістраваныя групы Сяргея Мікекі, прадстаўніка кампаніі “Гавары праўду” і ўладнай вылучэнкі Тамары Даўгашэй, якая ўжо ўваходзіць у Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

   Па Гродзенскай-Кастрычніцкай акрузе №50 пачаткова былі зарэгістраваныя тры ініцыятыўныя групы: пад №1 – Сяргея Двурэчанскага, прадстаўніка кампаніі “Гавары праўду”, пад №2 – Валянціны Навумавай, прадстаўніцы Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, пад №3 – Віктара Русака, беспартыйнага, начальніка ўпраўлення сацыяльнага развіцця дзяржаўнага акцыянернага таварыства “Гродна-Азот”, цяперашняга дэпутата Гродзенскага гарадскога савету дэпутатаў. Была зарэгістраваная і ініцыятыўная група Андрэя Рыбалкі, жыхара г. Гродна. Аднак на паседжанні 7 ліпеня было разгледжана пытанне аб скасаванні рэгістрацыі групы Андрэя Рыбалкі. Старшыня акруговай камісіі Павел Язубец паведаміў сябрам камісіі, што Андрэй Рыбалка сам падаў адпаведную заяву ў звязку з нейкімі “працоўнымі момантамі”. Камісія аднагалосна задаволіла гэтую заяву. Самога Рыбалкі на гэты паседжанні не было. На гэтай акрузе зарэгістравана таксама група Сяргея Сяргейчыка, дырэктара таварыства “Праектінавацыя”.

  Па Гродзенскай-Занёманскай акрузе №49 зарэгістраваныя 6 ініцыятыўных груп: пад №1 – група Жанны Гасцяевай, старшыні грамадскага аб’яднанння “Гродзенскі цэнтр прававой дапамогі спажыўцам”, пад №2 – група прадстаўніка ААТ “Гродна-Азот” Дзмітрыя Дробуша, пад №3 – група Андрэя Мікалуты, прадстаўніка ЛДПБ, пад №4 – група Віктара Міхальчыка, вылучэнца Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, пад № 5 – група Сяргея Пацэвіча – начальніка Галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Гродзенскага аблвыканкаму. Цікава, што менавіта Сяргей Пацэвіч даваў рэкамендацыі пры фармаванні складу выбарчых камісій па неўключэнні ў іх сябраў Партыі БНФ - гродзенца Эдварда Дмухоўскага і слонімца Віктара Ешану. Шостай па гэтай акрузе зарэгістравалі групу Вадзіма Смалякова, які з’яўляецца старшынём грамадскага аб’яднання рыбаловаў.

   Па Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №51 зарэгістравана ажно 7 ініцыятыўных груп. Сярод іх групы Вадзіма Саранчукова, прадстаўніка Парты БНФ і Паўла Станеўскага, прадстаўніка БПЛ “Справядлівы свет”.

   Такім чынам, па чатырох гродзенскіх акругах зарэгістравана 7 ініцыятыўных групаў прадстаўнікоў зарэгістраваных партый: 3- ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, па 2 – ад Партыі БНФ і ЛДПБ. Партыя БСДГ не ўдзельнічае ў гэтых выбарах, партыя БСДП не вылучала сваіх прадстаўнікоў па гродзенскіх акругах. Ад дэмакратычных партый і арганізацый Гродна ініцыятыўныя групы зарэгістравалі 8 прэтэндэнтаў: ад Партыі БНФ -- 2, ад БПЛ "Справядлівы свет" -- 3, кампаніі "Гавары праўду" -- 2, БХД -- 1.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары