Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Шклоў: “конкурс” на дэпутацкае месца павялічваецца. І будзе расці яшчэ

На пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі №90 8 ліпеня былі зарэгістраваныя яшчэ дзве ініцыятыўныя групы па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Такім чынам, агульная колькасць прэтэндэнтаў у кандыдаты ў гэтай акрузе ўзрасла да чатырох.

 8 ліпеня акруговая камісія пад нумарам 3 зарэгістравала ініцыятыўную групу па вылучэнню ў кандыдаты ў дэпутаты жыхара Бялыніцкага раёна Алега Лістападава. Алег Лістападаў раней ніякага ўдзелу ў палітычнай дзейнасці не прымаў, займаўся асабістай падсобнай гаспадаркай. Па словах самога прэтэндэнта ў кандыдаты, ён вырашыў вылучыцца кандыдатам у дэпутаты з-за адчування, што краіна не развіваецца ў патрэбным накірунку, узровень жыцця людзей падае, штосьці трэба змяняць.

Пад №4 была зарэгістраваная ініцыятыўная група па вылучэнню ў кандыдаты ў дэпутаты дырэктара ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Бялынічы імя М. І. Пашкоўскага” Таццяны Балдушэўскай. Па меркаванні бялыніцкіх дэмакратычных актывістаў, Таццяна Іванаўна будзе выступаць у якасці своеасаблівага дублёра для асноўнага кандыдата ад улады, памочніка прэзідэнта, галоўнага інспектара па Брэсцкай вобласці Дзмітрыя Гобарава, на выпадак, калі альтэрнатыўныя кандыдаты прымуць рашэнне не ўдзельнічаць у выбарах. Таццяна Балдушэўская з’яўлялася дэлегатам другога і пятага Усебеларускіх народных сходаў, неаднаразова працавала ў складзе ўчастковых выбарчых камісій на выбарах розных узроўняў.

Нагадаем, што 4 ліпеня акруговая камісія зарэгістравала дзве ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – бялыніцкага прадпрымальніка, актывіста “Гавары праўду” Пятра Шымбалёва і памочніка прэзідэнта, галоўнага інспектара па Брэсцкай вобласці Дзмітрыя Гобарава.

У якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90 плануе таксама вылучацца намеснік старшыні Партыі БНФ, жыхар Шклова Рыгор Кастусёў. Рыгор Кастусёў збіраецца вылучыцца кандыдатам у дэпутаты на партыйным з’езде, які адбудзецца 23 ліпеня ў Мінску.

Плануе вылучыцца кандыдатам у дэпутаты па Шклоўскай выбарчай акрузе №90 і адзін з магілёўскіх сяброў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Актывіст таксама збіраецца вылучыцца кандыдатам на партыйным з’ездзе.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары