Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Гомельская вобласць: раёнкі ігнаруюць выбары

На сайтах раённых выданняў Гомельскай вобласці створаны адмысловыя рубрыкі «Выбары», але знайсці там нейкую актуальную ці лакальную інфармацыю – задача няпростая.

Напрыклад, Ельская раённая газета размяшчае ў рубрыцы такое паведамленне вялікімі літарамі: «Тры ініцыятыўныя групы зарэгістраваны акруговай камісіяй Палескай акругі №43». Прычым ні імя, ні прозвішча – у чыю падтрымку будуць збіраць подпісы ініцыятыўныя групы. Відаць, прозвішчы магчымых кандыдатаў – сакрэт ці дзяржаўная таямніца.

«Свабоднае слова» (Рагачоў) падае інфармацыю, што прымаюцца дакументы для ўдзелу ў працы ўчастковых камісій, і ўсе на гэтым.

«Новае Палессе» (Жыткавічы) робіць рэтрансляцыю паведамленняў БелТА пра выказванні Аляксандра Лукашэнка наконт выбараў, якія «заўсёды былі святам, і зараз павінны так адбыцца», і паведамляе ў гэтай жа адмысловай рубрыцы «Выбары» жыхарам Палесся, што «Кім Чэн Ын прызначаны першым сакратаром Працоўнай партыі Карэі».

«Хойніцкія навіны» абмежаваліся ў рубрыцы «Выбары» паведамленнем пра стварэнне акруговай камісіі, якое датуецца 28 чэрвеня. Пра ініцыятыўныя групы, якія былі зарэгістраваныя, выданне не піша. 

«Голас Веткаўшчыны» перадрукоўвае паведамленні пра выбары, якія тычацца ў цэлым Гомельскай вобласці, і падае інфармацыю пра забароненыя месцы для пікетавання. Але хто збіраецца пікетаваць – не зразумела, раённае выданне не піша пра зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы.

Раённая газета «Авангард» (Буда-Кашалёва) піша ў рубрыцы «Выбары» чамусьці пра навіны з Мінску, а таксама пра супрацоўніцтва між парламентамі Беларусі і Венгрыі, а што робіцца ў час выбараў у раёне – невядома.

Брагінская раёнка ў рубрыцы «Выбары» шырока асвятляе, а дакладней – перадрукоўвае з рэспубліканскіх выданняў інфармацыю пра дзейнасць ЦВК, выказванні Лідзіі Ярмошынай, і ні слова пра выбары ў раёне ці рэгістрацыю ініцыятыўных груп.

Лельчыцкая раёна «Светлае жыццё» таксама стварыла адмысловую рубрыку «Выбары», але інфармацыі там наогул нуль, бо ідзе перанакіраванне на сайт http://vybory2016.by/.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары