Актывіст са Светлагорску Юрый Ляшэнка зарэгістраваў ініцыятыўную групу і атрымаў «у нагрузку» позву ў суд ад камунальнікаў аб высяленні з манеўранага жылля
Грамадскі актывіст са Светлагорску, інвалід першай групы Юрый Ляшэнка мае намер вылучацца кандыдатам у дэпутаты ПП НС шостага склікання, днямі была зарэгістравана ініцыятыўная група па збору подпісаў у яго падтрымку – 25 чалавек. Подпісы сябры ініцыятыўнай групы маюць намер збіраць як на пікетах, так і па кватэрах. Па Светлагорскай акрузе №46 зарэгістраваны пяць ініцыятыўных груп, у тым ліку дзейснай дэпутаткі парламенту Галіны Філіповіч.
«У нашым горадзе – маса нявырашаных гадамі праблем, якія я добра ведаю. У эканоміцы, у сферы прадпрымальніцтва – я ведаю ўсе не па плётках, бо сам займаюся перавозкамі як прадпрымальнік. У сферы экалогіі – варта ўзгадаць хоць завод беленай цэлюлозы, з якім мы змагаліся, стварыўшы ініцыятыўную групу і сабраўшы 10 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва прадпрыемства. Безбар’ерны асяродак, які часта застаецца толькі дэкларацыяй на паперы – таксама наш клопат. Вось гэтыя праблемы я маю намер і агучваць на ўвесь голас, і вырашаць па меры магчымасці», - падкрэсліў магчымы кандыдат.
«І вось не паспеў я атрымаць рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, як тут жа мяне зноў пацягнулі ў суд камунальнікі з запатрабаваннем вызваліць манеўранае жыллё, хоць мінулы раз суд пастанавіў, што камунальнікі не могуць больш падаваць на нас зыскі – яны прайгралі суд», - паведаміў Юрый Ляшэнка.
Капітальны рамонт у доме, дзе мае кватэру актывіст, цягнуўся з 2012 году. «Камунальныя службы пры рамонце так завіхаліся, што нейкім чынам згубілі мае дзверы, некуды дзелі маю падлогу... Дзверы, праўда, знайшліся, - дакладней, яны скінуліся і купілі новыя. А зараз, усталяваўшы новыя дзверы, пачынаюць дарабляць недаробкі ў кватэры – па прадпісанню пракуратуры, якая даручыла разабрацца экспертам, і яны знайшлі як мінімум дванаццаць парушэнняў якасці рамонту, які выканалі камунальныя службы. Да гэтага часу я не знайшоў і не змог атрымаць акт аб выкананых працах, пераробленых недаробках, ідзе перапіска. Перакрыццё павінна быць пажарабяспечнае, з жалезабетону, а на самой справе яно з драўлянай дранкі, што парушэнне норм і падман», - распавядае грамадскі актывіст.
Пакуль жа камунальнікі тузаюцца з ім праз суд, які ўжо таксама стаміўся ад праблем «Леніна, 10». Бо камунальнікі ўжо неаднаразова падавалі на суд на жыхароў дому – каб яны высяляліся з «манеўраных» кватэр і пайшлі жыць у кватэры на Леніна, 10, у якіх пасля капітальнага рамонту жыць стала немагчыма. Суд стаў на бок людзей і адхіліў зыск камунальных службаў. Але яны зноў пайшлі ў наступ.
«Я падаў на судзе шэраг хадайніцтваў – аб будаўнічай экспертызе, аб праверцы перакрыцця, якое не з жалезабетону, і яшчэ па шматлікіх пытаннях, якія так і не вырашаны ў нашым шматпакутным доме», - дадаў Юрый Ляшэнка. Ён звязвае новы зыск як ціск на яго пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па збору подпісаў.
Наступнае паседжанне прызначана на 12 ліпеня.