Праваабаронцы крытыкуюць Лідзію Ярмошыну за “палітычныя якасці”
Тэрмін “палітычныя якасці”, тлумачэння якога няма ў выбарчым заканадаўстве і які пры гэтым з’яўляецца важным крытэрам адбору асобаў у выбарчыя камісіі, мусіць быць прыбраны з Пастановы ЦВК №18, лічыць аналітык кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Павел Сапелка.
Праваабаронцы крытычна паставіліся да ўвядзення Пастановай ЦВК №18 такога крытэра адбору прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі як "палітычныя якасці” асобы. Даводзячы, што падобныя недакладныя фармулёўкі даюць шырокае поле для інтэрпрэтацый, яны звярнуліся ў ЦВК з просьбай патлумачыць тэрмін “палітычныя якасці”. Аднак рэакцыі на гэты зварот не атрымалі, што адзначылі ў этапнай справаздачы па выніках фармавання тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій. І толькі пасля гэтага Паўлу Сапелку прыйшоў адказ за подпісам старшыні ЦВК. Лідзія Ярмошына паведамляе, што “выбарчае заканадаўства не ўтрымлівае легальнага тлумачэння такіх паняццяў як дзелавыя і палітычныя якасці асобы, вылучанай у склад выбарчай камісіі”, а далей, па сутнасці, прызнае замену паняцця “палітычныя якасці” паняццем “палітычныя погляды”: “Да палітычных якасцяў адносяць палітычныя погляды, узровень прадстаўніцтва грамадскіх аб’яднанняў і партый у рэгіёне, іх пазнавальнасць і аўтарытэт сярод насельніцтва”.
Атрымаўшы такі адказ, Павел Сапелка 7 ліпеня адрасаваў старшыні ЦВК зварот з патрабаваннем прыбраць з Пастановы №18 тэрмін “палітычныя якасці” да фармавання ўчастковых выбарчых камісій – з тым, каб гэты крытэр не мог уплываць на паказчык праходнасці прадстаўнікоў апазіцыйных структураў у камісіі, як гэта было на папярэднім этапе.
Па ўсёй краіне толькі 5 прадстаўнікоў апазіцыйных партый (з 16-ці вылучаных) увайшлі ў склад ТВК і 26 (са 134 вылучаных) – у склад АВК
“Як паказала практыка фармавання ТВК і АВК, менавіта ацэнка палітычных поглядаў асобаў, вылучаных у склад гэтых камісій, і стала першапрычынай палітычна матываванага, селектыўнага падыходу пры іх фармаванні і вывучэнні пытанняў аб уключэнні ці неўключэнні тых ці іншых асобаў у склад выбарчых камісій. Асобы, які прытрымліваюцца палітычных поглядаў, што не супадаюць з афіцыйнай палітыкай дзеючай улады, і належаць да апазіцыйных палітычных суб’ектаў, у значна большай ступені не ўключаліся ў склад выбарчых камісій, чым прадстаўнікі палітычных партый і арганізацый, лаяльных да ўладаў”, - адзначае Павел Сапелка ў звароце да Лідзіі Ярмошынай, аргументуючы сваё патрабаванне.
Такія паняцці як пазнавальнасць і аўтарытэт сярод насельніцтва той ці іншай палітычнай партыі ці аб’яднання патрабуюць вывучэння гэтага пытання з дапамогай сацыялагічных апытанняў, правесці якія ў кароткія тэрміны, вызначаныя для фармавання выбарчых камісій, немагчыма, а ў адваротным выпадку меркаванні прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, якія фармуюць камісіі, могуць не супадаць з рэальным меркаваннем грамадзянаў, падкрэслівае юрыст.
Каб не быць голаслоўным, ён звяртаецца да вызначэння тэрміна “палітычныя якасці” ў грамадазнаўчай галіне: “сукупнасць набытых чалавекам ведаў, уменняў, навыкаў, неабходных для ўдзелу ў палітычным жыцці грамадства” (Тлумачальны слоўнік грамадазнаўчых тэрмінаў. Н.Е. Яцэнка, 1999 г.).
“Згодна з гэтым вызначэннем, палітычныя якасці асобы з’яўляюцца выключна асабістымі якасцямі асобы і не залежаць ад ацэнак тых ці іншых палітычных суб’ектаў, іх аўтарытэта і папулярнасці ў грамадстве. Таму я лічу памылковым уключэнне ў пастанову Цэнтральнай камісіі тэрмінаў, тлумачэнне якіх адсутнічае ў дзеючым выбарчым заканадаўстве і носіць скрайне дыскусійны характар”, - настойвае Павел Сапелка.
Нагадаем, што бягучая парламенцкая кампанія адбываецца пасля зменаў выбарчага заканадаўства, зробленых у 2013 годзе. Галоўнай зменай у гэтай кампаніі стала ўведзенае Пастановай ЦВК ад 8 чэрвеня 2016 г. №18 патрабаванне, згодна з якім перад прыняццем рашэння аб фармаванні выбарчай камісіі на абмеркаванне павінна выносіцца пытанне пра “дзелавыя і палітычныя якасці” прэтэндэнтаў у склад камісіі. Паводле высноваў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, Пастанова №18 на практыцы не паспрыяла большаму палітычнаму плюралізму пры фармаванні ТВК і АВК: праз суб’ектыўныя падыходы, заснаваныя на ацэнках тых ці іншых палітычных поглядаў прэтэндэнтаў, у склад гэтых камісій у пераважнай большасці ўвайшлі прадстаўнікі праўладных палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў.
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.