Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Хоцімску міліцыя перашкаджала правядзенню перадвыбарчай канферэнцыі Партыі БНФ

У гарадскім пасёлку Хоцімск 6 ліпеня адбылася рэгіянальная канферэнцыя па вылучэнні дэлегатаў на з’езд Партыі БНФ, які пройдзе 23 ліпеня 2016 г. і вылучыць кандыдатаў у дэпутаты на парламенцкія выбары 2016 года ад партыі.

Па словах старшыні Хоцімскай раённай арганізацыі ПБНФ Валерыя Каранкевіча, мерапрыемства вельмі зацікавіла супрацоўнікаў мясцовага РАУС. Хоцімскія міліцыянеры на працягу дня пад рознымі падставамі некалькі разоў наведвалі прыватны дом Валерыя Каранкевіча на вуліцы Энгельса, а таксама прымусілі актывістаў зняць вывешаны на тэрыторыі сядзібы бел-чырвона-белы сцяг.

Валерый Каранкевіч кажа, што супрацоўнікі міліцыі ў першы раз наведалі яго прыватны дом каля 12-40. Маёр Саўчанка, які ўзначальваў групу праваахоўнікаў, паведаміў, што ў РАУС патэлефанавалі суседзі і распавялі пра тое, што на вуліцы Энгельса нібыта адбываецца несанкцыяванае мерапрыемства. Актывісты давялі да міліцыянераў, што ў прыватным доме, у строгай адпаведнасці з заканадаўствам, будзе праходзіць рэгіянальная канферэнцыя ПБНФ, якая абярэ дэлегатаў на перадвыбарчы з’езд партыі. Супрацоўнікі міліцыі на тэрыторыю сядзібы не ўваходзілі, аднак прымусілі зняць вывешаны над уваходам у дом бел-чырвона-белы сцяг.

Спадар Каранкевіч адзначыў, што, нягледзячы на гэта, міліцыянерамі ў адносінах да яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным парушэнні менавіта за вывешванне сцяга. Таксама актывістаў папярэдзілі аб магчымай адказнасці за правядзенне несанкцыяванага мерапрыемства, калі яны надумаюць праводзіць яго па-за тэрыторыяй сядзібы.

“Я не пайшоў на абвастрэнне канфлікту, каб не сарваць правядзенне канферэнцыі, - кажа Каранкевіч. – Папярэдзіў міліцыянераў, што менавіта яны парушаюць закон, перашкаджаючы правядзенню перадвыбарчага мерапрыемства на тэрыторыі прыватнага дома. Таксама падкрэсліў, што канферэнцыя адбудзецца строга ў межах беларускага заканадаўства. Я ні ад каго не хаваў, што 6 ліпеня ў мяне ў доме будзе праходзіць рэгіянальная канферэнцыя ПБНФ, нават запрасіў прыняць у ім удзел карэспандэнта раённай газеты, але той чамусьці не прыйшоў”.

Пасля гэтага міліцыянеры, у тым ліку адзін з намеснікаў начальніка Хоцімскага РАУС, на працягу дня яшчэ некалькі разоў наведваліся да дома спадара Каранкевіча. Па словах актывіста, падчас гутарак праваахоўнікі цікавіліся ўмовамі захоўвання яго паляўнічай зброі, называлі іншыя падставы для “візітаў”. І толькі пасля таго, як Каранкевіч паабяцаў абскардзіць дзеянніі хоцімскіх праваахоўнікаў у судзе, тыя крыху знізілі свой імпэт.

Нягледзячы на перашкоды, канферэнцыя ў Хоцімску адбылася, і на ёй былі абраныя дэлегаты на перадвыбарчы партыйны з’езд. Удзел у рэгіянальнай канферэнцыі ПБНФ у Хоцімску прынялі сябры партыі з Крычаўскага, Чэрыкаўскага і Хоцімскага раёнаў.

Валерый Каранкевіч звязвае ціск з боку хоцімскіх міліцыянераў і іх імкненне перашкодзіць арганізацыі і правядзенню партыйнай канферэнцыі з тым, што ён збіраецца вылучыцца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 на з’ездзе Партыі БНФ 23 ліпеня.

Нагадаем, што магілёўскія ўлады без усялякага тлумачэння не ўключылі ў склад акруговай камісіі Крычаўскай выбарчай акругі №83 жыхарку Крычава Надзею Іванову, якая была вылучаная ў камісію Соймам ГА БНФ “Адраджэнне”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары