Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

На Віцебшчыне пакуль што не адмовілі ў рэгістрацыі ніводнай ініцыятыўнай групе

Па стане на раніцу 7 ліпеня ў Віцебскай вобласці зарэгістравана 31 ініцыятыўная група. Ніводнай адмовы ў рэгістрацыі пакуль не было, але камісіі мусяць разгледзець яшчэ 10 заяваў, рашэнне па якіх яшчэ не прынята.

“Заявы ад тых, хто вырашыў вылучацца ў кандыдаты і хоча зарэгістраваць свае ініцыятыўныя групы, будуць прымацца ўвесь дзень 7 ліпеня. На 8 ліпеня прызначаюцца пасяджэнні камісій па гэтым пытанні. Прынамсі, такім чынам прызначана пасяджэнне камісіі Віцебскай-Кастрычніцкай акругі №20, дзе я зарэгістраваны назіральнікам”, - гаворыць праваабаронца Леанід Свецік.

19 ініцыятыўных групаў з 31-й зарэгістраванай на сённяшні дзень – гэта групы прыхільнікаў беспартыйных кандыдатаў, якія будуць або ўжо займаюццца зборам подпісаў за ўдзел у выбарах сваіх вылучэнцаў. Найбольшая колькасць зарэгістраваных ініцыятыўных груп – у Віцебску. Па 4 групы зарэгістравана ў Віцебскай-Горкаўскай акрузе №17 (сярод іх адна група вылучэнца ад Партыі БНФ і адна – ад Партыі левых “Справядлівы свет”) і ў Віцебскай-Чкалаўскай акрузе №18 (сярод іх адна група вылучэнца ад АГП і адна – ад БСДГ). Шэсць ініцыятыўных груп зарэгістравана ў Віцебскай-Чыгуначнай акрузе №19 (у тым ліку прыхільнікі вылучэнцаў ад АГП, Партыі БНФ і Партыі левых “Справядлівы свет”). Тры ініцыятыўныя групы зарэгістраваны ў Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе №20: дзве з іх будуць падтрымліваць беспартыйных вылучэнцаў і адна – вылучэнца ад Партыі левых “Справядлівы свет”.

“Тое, што ініцыятыўныя групы рэгіструюць пакуль што без адмоваў, не з’яўляецца пераканаўчым паказнікам таго, што кампанія распачалася надзвычай дэмакратычна, - працягвае Леанід Свецік. – Па-першае, удзельнічаюць у выбарах, як правіла, людзі з пэўным досведам. Якія ўжо афармлялі неабходныя дакументы падчас іншых выбарчых кампаній, або маюць з кім пракансультавацца ў выпадку неабходнасці. Па-другое, найбольш востра заўжды паўстаюць не пытанні аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп, а пытанні па рэгістрацыі кандыдатаў. Менавіта тады, калі вырашаецца, ці сабралі кандыдаты неабходную колькасць подпісаў, і ці прызнаюць іх сапраўднымі.”

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары