Бялыніцкі райвыканкам лібералізаваў сваё рашэнне аб забароненых для пікетавання месцах
У бялыніцкай раённай газеце “Зара над Друццю” (№52 ад 6 ліпеня 2016 г.) апубліканае рашэнне Бялыніцкага райвыканкама №14-4 ад 17 чэрвеня 2016 г. “Аб вызначэнні ў Бялыніцкім раёне месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.
У пералік месцаў, забароненых для пікетавання, увайшлі: тэрыторыя плошчы Леніна; на адлегласці 50 метраў ад будынка раённага Цэнтра культуры; аўтавакзал Бялыніцкага філіяла Аўтапарк №7 адкрытага акцыянернага таварыства “Магілёўаблаўтатранс”; устнова аховы здароўя “Бялыніцкая цэнтральная раённая бальніца”.
Адказнымі за выкананне рашэння №14-4 нібыта ад 17 чэрвеня 2016 г. прызначаны намеснік старшыні Бялыніцкага райвыканкама Ганчук А. А. і начальнік Бялыніцкага РАУС Красноў С. М.
Пры гэтым Бялыніцкі райвыканкам ужо прымаў рашэнне за тым жа нумарам і чыслом, якім вызначалася значна большая колькасць месцаў, забароненых для пікетавання, і гэта рашэнне было апублікаванае ў раённай газеце Зара над Друццю” (№ 48 ад 22 чэрвеня 2016 г.).
Згодна першапачатковага рашэння, пікетаванне забаранялася праводзіць: на тэрыторыі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры і спорта, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва; на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў і ў будынках мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў і іх структурных падраздзяленняў, суда, пракуратуры, ваеннага камісарыята, органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, тэрыторыі арганізацый, забяспечваючых жыццядзейнасць насельніцтва; унутры памяшканняў аб’ектаў гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва, устаноў культуры.
Аддзелу ўнутраных спраў Бялыніцкага райвыканкама ў тым рашэнні прапісвалась прымаць меры па папярэджанню правядзення збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у неадведзеных для гэтых мэтаў месцах.
Кантроль за выкананнем райвыканкамаўскага рашэння тады ўскладаўся на намесніка старшыні Бялыніцкага раённага выканаўчага камітэта Ганчука А. А. і старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў.
Відавочна, што рашэнне надрукаванае ў “Зары над Друццю” 6 ліпеня, нашмат больш ліберальнае, чым, нібыта, тое аналагічнае рашэнне, надрукаванае ў раёнцы 22 чэрвеня.