Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты затрымала міліцыя... і адпусціла

Павел Стэфановіч і Зміцерам Кавалгін
Павел Стэфановіч і Зміцерам Кавалгін

Павел Стэфановіч, прэтэндэнт на кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, вылучаны ад партыі АГП, разам з сябрам ініцыятыўнай групы Зміцерам Кавалгіным, 6 ліпеня збіралі подпісы ў інтэрнаце Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Праз некаторы час вахцёр інтэрната паспрабавала выдаліць іх з памяшкання, нягледзячы на дакументы, якія ёй прадэманстраваў Павел Стэфановіч, а затым патэлефанавала ў міліцыю. Супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што подпісы збіраць у інтэрнатах не забаронена. Аднак вахцёрка не супакойвалася, замінала юнакам, хадзіла па студэнцкіх пакоях і папярэджвала, каб не адчынялі дзверы зборшчыкам подпісаў. Затым у інтэрнаце з’явіўся і прарэктар БДМУ.

Пазней у інтэрнат прыбыў яшчэ адзін нарад міліцыі. Яны праверылі пашпарты, падпісныя лісты, а таксама пасведчанне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, пасля чаго Стэфановіча і Кавалгіна вырашылі адвезці ў ГАМ-1 Маскоўскага раёна Мінска на праспекце газеты “Звязда”, дзе трымалі да прыбыцця начальніка аддзялення міліцыі.

Пазней Зміцер Кавалгін паведаміў у фэйсбуку:

“У ГАМ-1 цёмна і смярдзіць. За што нас з Паўлам Стэфановічам затрымалі пакуль не тлумачаць… Усё, нас адпусцілі. Я жыву побач з РУУС, а Пашу нават ласкава адвезлі дадому. Было заўважна, што выкліканы ў ГАМ начальнік быў вельмі не рады такому свавольству падначаленых”.

Дмитрий Ковалгин

Студэнт Павел Стэфановіч вывучае філасофію ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і вырашыў браць ўдзел у выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад АГП. Яго ініцыятыўная група была зарэгістравана 2 ліпеня.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары