Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Вылучэнцу ад АГП Мікалаю Казлову адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы

Мікалай Казлоў (фота БелаПАН)
Мікалай Казлоў (фота БелаПАН)

Як паведамляюць naviny.by, лідару мінскай гарадской арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага склікання.

Акруговая выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі таму, што ў некаторых сябраў ініцыятыўнай групы Мікалая Казлова было ўказана месца рэгістрацыі, а не месца фактычнага пражывання.

“Напэўна, ім не хацелася, каб у 105-ай Старавіленскай выбарчай акрузе сталіцы былі альтэрнатыўныя кандыдаты. Ім так прасцей, яны так прывыклі”, - сказаў прадстаўнік АГП.

Ён ужо накіраваў скаргу на дзеянні выбаркама і наноў рэгіструе ініцыятыўную групу.

Між тым, на сябраў ініцыятыўнай групы лідаркі Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марыны Хоміч аказваецца ціск.

Агулам жа па краіне на сённяшні дзень акруговымі камісіямі зарэгістравана 227 ініцыятыўных групп па зборы подпісаў грамадзянаў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, паведамляе БЕЛТА. У сваю чаргу ў ЦВК было пададзена 330 заяў на рэгістрацыю такіх груп. У Мінску было пададзена 88 заяў, з якіх 71 была зарэгістравана, а дзвум было адмоўлена. Апошні дзень падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы - заўтра, 7 ліпеня.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары