Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Барысаўскі назіральнік патрабуе, каб усе пытанні, датычныя выбарчага працэсу, разглядаліся камісіяй на паседжаннях

Праваабаронца Алег Мацкевіч
Праваабаронца Алег Мацкевіч

5 ліпеня назіральнік-праваабаронца Алег Мацкевіч прысутнічаў на чарговым паседжанні акруговай выбарчай камісіі Барысаўскай сельскай выбарчай акругі № 63. Пасля разгляду запланаваных пытанняў старшыня АВК заявіў: «Паседжанне скончанае, усе свабодны». А пасля секунднай паўзы: «Сябраў камісіі прашу застацца, будзем вырашаць арганізацыйныя пытанні».

На паседжанні, акрамя сябраў камісіі, прысутнічалі два назіральнікі – Алег Мацкевіч і назіральнік ад “Белай Русі”, і “усе свабодны” – датычала якраз іх.

Алег Мацкевіч не стаў спрачацца і пакінуў памяшканне, але сваю пазіцыю адносна таго, што з’яўляецца “паседжаннем”, на якім гарантавана можа прысутнічаць назіральнік, выклаў у сваім звароце ў акруговую камісію.

Праваабароца адзначыў: “У адпаведнасці з Практычным дапаможнікам, зацверджаным пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 17 траўня 2016 г. № 9, асноўнай арганізацыйнай формай працы тэрытарыяльнай, акруговай камісіі з’яўляецца паседжанне. На паседжаннях маюць права прысутнічаць назіральнікі. Лічу, што калегіяльная праца (пры наяўнасці кворуму і вышэй) акруговай выбарчай камісіі Барысаўскай сельскай выбарчай акругі № 63 па вырашэнні пытанняў, звязаных з выбарчым працэсам, па-за рамкамі паседжання, як асноўнай арганізацыйнай формы, супярэчыць прынцыпу адкрытасьці і галоснасці выбарчага працэсу, а таксама парушае правы акрэдытаваных пры камісіі назіральнікаў.

У адпаведнасці з вышэйзгаданым прашу ў далейшым не парушаць выбарчае заканадаўства, забяспечыць празрыстасьць калегіяльнай працы (пры наяўнасьці кворуму і вышэй) выбарчай камісіі Барысаўскай сельскай выбарчай акругі № 63 пры вырашэнні ўсіх пытанняў, звязаных з выбарчым працэсам, на паседжаннях камісіі з удзелам назіральнікаў».

Алег Мацкевіч звяртае ўвагу на істотны юрыдычны момант: згодна з пастановай ЦВК асноўнай формай працы камісіі з’яўляецца паседжанне. Але ж, зразумела, што праца камісіі можа таксама адбывацца і па-за межамі паседжанняў (бо, інакш, уся праца камісіі пераўтварылася б у штодзённае шматгадзіннае паседжанне): напрыклад, такая праца, як тэхнічнае забеспячэнне або вядзенне дакументацыі. Калі падыходзіць да падзелу працы камісіі на асноўную (важную для выбарчага працэсу і назірання за ёю) і дадатковую (не істотную для назірання за ёй), дык трэба знайсці крытэр, па якім вонкава можна было б вызначыць гэтыя віды працы. На маю думку, такім «вонкавым» крытэрам можа быць наяўнасць «калегіяльнасці» ў працы камісіі. Калі сябры камісіі для вырашэньня нейкіх пытанняў, звязаных з выбарамі, збіраюцца разам, і іх колькасьць адпавядае кворуму, гэта ўжо ПАВІННА называцца паседжаннем камісіі з усімі наступствамі: вядзенне пратаколу, прыняцце рашэнняў, вонкавае назіранне за працай камісіі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары