Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Рэгістрацыя ініцыятыўных груп у Гродне, Мазыры, Слоніме, Кобрыне: “конкурс” на выбарах прадбачыцца амаль паўсюль

Гродна: ініцыятыўныя групы рэгіструюцца без перашкодаў

Прайшло першае паседжанне тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Гродзенскай-Ленінскай  акругі №52. На ім былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы першых двух прэтэндэнтаў у кандыдаты. Нумар 1 атрымала ініцыятыўная група вылучэнца ад “Гавары праўду” Сяргей Мікекі. Усяго гэтая ініцыятыўная група налічвае 16 сябраў, а ўзначальвае яе Дзмітрый Бандарчук. На рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ніхто з яе прадстаўнікоў не з’явіўся. Сяргей Мікека – не вельмі вядомы ў горадзе грамадскі актывіст, які паводле роду заняткаў з’яўляецца спецыялістам аддзелу продажу.

Другой была зарэгіставаная ініцыятыўная група відавочна праўладнага вылучэнца – Тамары Даўгашэй. Гэтая група налічвае больш 200 чалавек. Тамара Даўгашэй – галоўны доктар Гродзенскага абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра. Яна таксама з’яўляецца членам Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь і ўваходзіць у камісію па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці.

Ужо ў час паседжання ТВК№52 былі пададзены дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Алега Урублеўскага, прадстаўніка ЛДПБ. Разгляд гэтых дакументаў і мажліва дакументаў іншых вылучэнцаў пройдзе на наступным паседжанні камісіі 7-га ліпеня.

Мазыр: альтэрнатыву дзейснаму дэпутату складуць звольнены з МНПЗ прадстаўнік незалежнага прафсаюзу і індывідуальны прадпрымальнік

На паседжаннях акруговай выбарчай камісіі па Мазырскай акрузе №42, якія прайшлі 1 і 5 ліпеня, былі зарэгістраваны тры ініцыятыўныя групы па збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты ПП НС. Так, па словах назіральніка Уладзіміра Целяпуна, была зарэгістравана ініцыятыўная група Мікалая Расохі, які з’яўляецца дзейным дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па гэтай жа акрузе і балатуецца другі раз.

Таксама ў камісію паступілі дакументы ад Рамана Скуратоўскага, мясцовага жыхара, прадпрымальніка. Яго ініцыятыўная група была зарэгістравана. Плануе балатавацца і Іван Шабан - адзін са звольненых працаўнікоў з Мазырскага НПЗ, сябра Незалежнага прафсаюза. Зараз ён з’яўляецца сябрам ЛДПБ і будзе вылучацца яшчэ і ад партыі.

У 2013 годзе ў Івана Шабана быў канфлікт з яго кіраўніцтвам у час працы на МНПЗ – нават да бойкі. Працаўнік «атрымаў» ад свайго начальніка, але даказаць гэта ў судзе не здолеў. Ён працаваў механікам, і яго прымушалі вызваліць дадзеную пасаду і ісці ў рабочыя. Былі і прэтэнзіі з-за сяброўства ў незалежным прафсаюзе. У час размовы на падвышаных танах начальнік схапіў Івана Шабана за спецвопратку і стаў піхаць і тузаць, намерваючыся выхапіць у падначаленага механіка мабільнік.

Змагар з вертыкальшчыкамі ў Слоніме ідзе ў дэпутаты

Акруговая выбарчая камісія Слонімскай выбарчай акругі № 58 зарэгістравала тры ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Першая зарэгістраваная ініцыятыўная група Івана Шэгі ад Партыі БНФ, другая – Алеся Масюка ад БХД, а вось трэцяя група -- Андрэя Сакалоўскага.  Звычайны 33-гадовы слонімец Андрэй Сакалоўскі ўжо вядомы на Слонімшчыне як чалавек, які даўно адсочвае працу вертыкальшчыкаў са Слонімскага райвыканкама, а таксама міліцыі, суда, пракуратуры. Ён стварыў свой сайт “Хроніка слонімскіх падзей”, куды змяшчае інфармацыю пра рэальную дзейнасць Слонімскага райвыканкама, міліцыі, суда і г.д. Ён запісвае на камеру, дыктафон, здымае на фотаапарат матэрыялы, якія дэманструюць адносіны чыноўнікаў да людзей, да сваёй справы, як яны “вырашаюць” сацыяльныя пытанні гараджан і вяскоўцаў, як супрацоўнікі ДАІ вядуць дыялогі з кіроўцамі аўто, як ён не змог трапіць на прыём да старшыні Гродзенскага аблвыканкама і дзесяткі іншых фактаў. Усё гэта Андрэй Сакалоўскі фіксуе і выкладвае на сваю старонку ў Інтэрнет. Цяпер слонімец вырашыў паспрабаваць пазмагацца за дэпутацкае крэсла. Тым больш, што ў дэпутаты збіраецца вылучацца і сённяшні старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі. Так што прадвыбарная кампанія ў Слоніме можа быць цікавай і даволі гарачай.

У Кобрынскай выбарчай акрузе зарэгістравана толькі адна ініцыятыўная група

Адбылося паседжанне Кобрынскай акруговай камісіі. Асноўнае пытанне паседжання: рэгістрацыя ініцыятыўнай групы Алеся Меха. Яму прыйшлося падаваць двойчы дакументы на рэгістрацыю: 28 чэрвеня і 1 ліпеня. Як стала вядома на паседжанні, дакументы сябраў ініцыятыўнай групы Алеся Меха праходзілі праверку праз пашпартны стол. І толькі 5 ліпеня адтуль у выбарчую камісію прыйшоў адказ, што ўсё ў парадку, маўляў, усе сябры групы з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі.

Кіраўнік камісіі выказаўся, што астатнія кандыдаты, відаць, будуць ад партый і працоўных калектываў.

Алесь Мех яшчэ напярэдадні запатрабаваў, каб паседжанне вялося на беларускай мове. Але старшыня камісіі, дырэктар сш №3 Аляксандр Лесік вытрымаў толькі першыя 5 хвілін. Потым, спаслаўшыся на закон “Аб дзьвюхмоўі”, перайшоў на рускую.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары