Мікалай Лазавік: “Празрыстасць выбараў залежыць не ад празрыстасці скрыняў”
У Брэсце адбыўся семінар-вучоба для старшыняў і сябраў абласной тэрытарыяльнай і акруговых выбарчых камісій з удзелам сакратара Цэнтрвыбаркама Мікалая Лазавіка.
Мерапрыемства пачалося з прэзентацыі зборніка метадычных матэрыялаў і практычнага дапаможніка, бо, як падкрэсліў сакратар Цэнтрвыбаркама, “празрыстасць выбараў залежыць не ад празрыстасці скрыняў, а ад няўхільнага выканання заканадаўства”. Паводле словаў Лазавіка, прынятыя напярэдадні цяперашняй выбарчай кампаніі працэдурныя новаўвядзенні закліканы палепшыць якасць выбарчага працэсу, паколькі спрашчаюць арганізацыйную працу на месцах.
У прыватнасці, Мікалай Лазавік нагадаў, што ў гэтых выбарах не прадугледжаны другі тур, бо пераможцай будзе абвешчаны кандыдат, якія ў сваёй акрузе атрымае большасць галасоў. Таксама зменены сістэма фінансавання выбараў і інфармавання выбаршчыкаў, парадак разгляду асобных канфліктаў. Па словах сакратара Цэнтрвыбаркама, калі раней, напрыклад, спрэчнае пытанне можна было абскардзіць толькі ў Цэнтральную камісію, а яе рашэнне ў Вярхоўным судзе, дык зараз гэтыя функцыі ўскладзены на тэрытарыяльную камісію і абласны суд. І рашэнне абласнога суда будзе лічыцца канчатковым.
Мікалай Лазавік таксама адзначыў, што, пачынаючы з гэтай выбарчай кампаніі, паводле рэкамендацый АБСЕ будуць палепшаныя ўмовы для назіральнікаў пры падліку галасоў выбаршчыкаў.
Такі ў асноўных рысах пералік пытанняў, разгледжаных на праведзеным семінары. Разам з гэтым Мікалай Лазавік выказаў меркаванне, што цяперашнія парламенцкія выбары будуць не менш актыўнымі, чым папярэднія, і недахопу ў кандыдатах не будзе, асабліва ў буйных гарадах.