Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Асіповічах на выбарах дзеючаму дэпутату Палаты прадстаўнікоў будзе супрацьстаяць алімпійскі чэмпіён

4 ліпеня ў Асіповічах адбылося пасяджэнне акруговай камісіі Асіповіцкай выбарчай акругі №89.

На пасяджэнні разглядалася пытанне аб узгадненні стварэння ўчасткаў для галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і ўстанаўлення іх адзінай нумарацыі на тэрыторыі Глускага, Клічаўскага і Асіповіцкага раёнаў. Таксама акруговая камісія зарэгістравала дзве ініцыятыўныя групы па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Камісія ўзгадніла стварэнне ўчасткаў для галасавання на тэрыторыі Глускага, Клімавіцкага і Асіповіцкага раёнаў і ўстанавіла іх адзіную нумарацыю. На тэрыторыі Глускага раёна будзе створана 18 участкаў для галасавання, на тэрыторыі Клічаўскага – 23, на тэрыторыі Асіповіцкага – 41.

Таксама акруговая камісія зарэгістравала 2 ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. Пад №1 зарэгістраваная ініцыятыўная група па збору подпісаў за вылучэннем кандыдатам у дэпутаты Аляксандра Багдановіча, трэнера спартовай каманды в/ч 5448, беспартыйнага, пражываючага ў Бабруйску. Аляксандр Багдановіч – знакаміты беларускі спартсмен, грабец на каноэ, алімпійскі чэмпіён 2008 года. Дарэчы, нарадзіўся Аляксандр Багдановіч у 1982 годзе ў пасёлку Ялізава Асіповіцкага раёна.

Пад №2 зарэгістраваная ініцыятыўная група дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Асіповіцкай выбарчай акрузе №89 Мікалая Калтунова. Да свайго абрання дэпутатам Палаты прадстаўнікоў у 2012 годзе Мікалай Калтуноў працаваў дырэктарам беларуска-англійскага прадпрыемства “Дах” у Асіповічах.

Па Асіповіцкай выбарчай акрузе № 89 збіраецца вылучацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў актывіст партыі БНФ Альберт Яўменаў. Спадар Яўменаў плануе вылучыцца кандыдатам на з’ездзеПартыі БНФ 23 ліпеня.

Згодна інфармацыі асіповіцкіх актывістаў, свайго кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Асіповіцкай выбарчай акрузе №89 будзе вылучаць і Ліберальна-дэмакратычная партыя.

Праваабаронца з Глуска Ігар Кірын адзначае, што пакуль на тэрыторыі акругі №89 можна знайсці не вельмі шмат інфармацыі пра маючыя адбыцца ўжо ў хуткім часе парламенцкія выбары.

Па словах Ігара Кірына, у прыватнасці, глуская раённая газета “Радзіма” размясціла на сваіх старонках толькі чатыры матэрыялы, у якіх закранаецца тэма парламенцкіх выбараў. Прычым, у парушэнне п 3.2 пастановы ЦВК ад 8.06.2016 г. №22 “Аб інфармаванні грамадзян аб рабоце па падрыхтоўцы і правядзенню выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання”, інфармацыя аб стварэннівыбарчай акругі і яе межах была надрукаваная не ў чарговым нумары “Радзімы” (№43 ад 10.06.2016 г.), а толькі ў №49 ад 1.07.2016 г.

Парушыў гэтую ж пастанову ЦВК і інтэрнэт-сайт Глускага райвыканкама, са значным спазненнем размясціўшы інфармацыю аб стварэнні акруговай выбарчай камісіі Асіповіцкай выбарчай акругі №89.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары