Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Акруговая камісія ў Магілёве спрабавала не дазволіць назіральніку фатаграфаваць

Сябры акруговай камісіі №85 у Магілёве 4 ліпеня адкрыта выказалі незадаволеннасць фатаграфаваннем іх пасяджэння назіральнікам ад Магілёўскага праваабарончага цэнтру Аляксандрам Бураковым, распавялі назіральнікі.

"Ён напачатку спрабаваў сфатаграфаваць, камісія актыўна выказала незадаволеннасць. Некаторыя яе сябры сказалі, што "я не хачу, каб мяне фатаграфавалі". Сказалі, што вы не прадстаўнік прэсы. Праўда, не было сказана, што "мы вам забараняем", - распавёў назіральнік Аляксей Колчын.

"Я напэўна напішу ім заяву, каб дазволілі фатаграфаваць. Паглядзім, што яны адкажуць на гэта", - кажа праваабаронца.

Паводле Аляксандра Буракова, ён пачаў фатаграфаваць пасяджэнне без аніякага папярэджання ці просьбе аб дазволе. "Звярнула ўвагу старшыня камісіі Кліменкова, а пасля ўжо ўсе пачалі казаць. Але яны не назвалі ніякага нарматыўнага акту, па якім забаранялася б фатаграфаваць", - распавёў назіральнік.

Як сцвярджае назіральнік, у рэшце рэшт, усё звялося на тое, што ён нібыта парушыў этычныя нормы. Камісія не паведаміла, ці дасць яна дазвол на здымкі, калі паступіць просьба аб гэтым, кажа Буракоў.

Што ж тычыцца агульнага ўражання ад пасджэння камісіі, то, як адзначыў Аляксей Колчын, яна працавала роўна восем хвілін і зарэгістравала першую ініцыятыўную групу ў колькасці 35 чалавек, якая будзе збіраць подпісы за грамадскага актывіста Юрыя Стукалава. "Выдалі пасведчанні, падпісныя лісты. Таксама ўзгаднілі дакументы, якія паступілі з адміністрацыі Ленінскага раёна наконт утварэння выбарчых участкаў", - распавеў Колчын. 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары