Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Назіральнік патрабуе каб выбары асвятляліся і на беларускай мове

Праваабаронца Анатоль Паплаўны. Фота: svaboda.org
Праваабаронца Анатоль Паплаўны. Фота: svaboda.org

Незалежны назіральнік ад Беларускага Хельскінскага Камітэту (БХК) Анатоль Паплаўны, які зарэгістраваны ў Гомельскай-Сельмашаўскай выбарчай камісіі №32 патрабуе ад выбарчай камісіі забяспечыць інфармаванне выбаршчыкаў аб бягучай выбарчай кампаніі на беларускай мове. Сёння ён накіраваў у выбарчую камісію адпаведную скаргу.  

Назіральнік кажа, што ўся інфармацыя, датычная да выбараў, якая месціцца непасрэдна ў пакоі выбарчай камісіі выканана на рускай мове, у той час як на другой дзяржаўнай мове - беларускай, інфармацыя тут адсутнічае. Калі ён звярнуў на гэта ўвагу сакратара камісіі Таццяны Мітрафанавай, тая спаслалася на дзве дзяржаўныя мовы ў краіне. 
 
Анатоль Паплаўны  звярнуўся са скаргаю да старшыні выбарчай камісіі Андрэя Лаўшука, у якой адзначыў, што “у адпаведнасцi з Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь дзяржаўнымi мовамi ў краіне з’яўляюцца беларуская i руская мовы і менавіта на дзяржаве ляжыць абавязак забяспечваць усебаковае развiццё i функцыянаванне беларускай i рускай моў ва ўсiх сферах грамадскага жыцця”.

Угледжваючы ў дзеяннях выбарчай камісіі парушэнні роўнасці аб дзяржаўных мовах, незалежны назіральнік просіць забяспечыць выкананне патрабаванняў закона аб мовах і аб прынятых мерах паведаміць яму ў пісьмовай форме.

“Гомельская Вясна”


Каментары