Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Пікет па збору подпісаў у Гомелі – прэтэндэнт ад АГП у футболцы «За Беларусь без Лукашэнкі» (фота)

У Гомелі 4 ліпеня прайшоў першы пікет па збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у дэпутаты парламенту актывіста АГП Уладзіміра Няпомняшчых. Ён вядомы ў Гомелі чалавек – пенсіянер МУС, апазіцыянер, які ходзіць у футболцы «За Беларусь без Лукашэнкі». На пікеце актывіст таксама быў у гэтай футболцы. Ён мае намер балатавацца па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе №33. Як паведаміў назіральнік ад БХК Віктар Адзіночанка, па Цэнтральнай акрузе зарэгістраваны на паседжанні акруговай камісіі, якое адбылося 2 ліпеня, чатыры ініцыятыўныя групы па збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатамі Уладзіміра Няпомняшчых, Юрыя Глушакова, Сяргея Бугаёва і Алега Леўшунова. Апошні – дзейсны дэпутат парламенту, які «адбыў» там чатыры гады.

Уладзімір Няпомняшчых спадзяецца, што да 1 жніўня яго ініцыятыўная група назбірае тысячу подпісаў. «Я мог бы ісці і партыйным вылучэннем, магчыма, так і зраблю, але мне хочацца пагаварыць з народам, даведацца – чым людзі дыхаюць, як ставяцца да Колі і яго таты. Мне цікава быць у гушчы народу. Людзі падыходзяць да пікету, абураюцца дэнамінацыяй, бо думаюць, што праз год-два прыйдзецца зноў вяртаць нулі, абураюцца нізкім узроўнем жыцця, адсутнасцю працы. Вось першыя пяць чалавек падпісаліся – і з іх тры чалавекі на сённяшні дзень не маюць працы. Таму абураны палітыкай не дзяржавы, а Аляксандра Лукашэнкі», - пракаментаваў актывіст АГП. Ён лічыць, што ўжо сёння можна павіншаваць «з элегантнай перамогай» кандыдата ў дэпутаты і дзейснага дэпутата Алега Леўшунова. «Каб я ведаў, што сапраўды будуць лічыць галасы, хоць бы я і не прайшоў, але мне чэсна сказалі, што я набраў 20%, больш ці менш, рэальныя лічбы – я б пайшоў да канца. А так – падман людзей, падман самога сябе, гульня на руку ўладзе. Я выступлю на радыё, тэлебачанні, раскажу пра рэальны стан рэчаў і буду заклікаць людзей ісці на выбары не ў якасці масоўкі, а назіральнікамі – каб выкрыць выкрунтасы ўлады», - дадаў магчымы кандыдат.

Сёння стала вядома, што па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе №36 зарэгістраваны дзве ініцыятыўныя групы – у падтрымку Мікалая Шкірэева (КПБ, дырэктар кадравага агенцтва) і Алены Астапюк – дзейснага дэпутата ПП НС. На паседжанні акруговай камісіі прысутнічаў назіральнік ад БХК Алесь Яўсеенка. Па яго словах, на паседжанні камісіі не было ні саміх магчымых кандыдатаў, ні прадстаўнікоў іх ініцыятыўных груп.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары