У Магілёве і Дрыбіне зменшана колькасць забароненых для збору подпісаў месцаў
Дрыбінскі райвыканкам змяніў уласнае рашэнне наконт месцаў, забароненых для правядзення пікетавання
Дрыбінскі райвыканкам 1 ліпеня прыняў рашэнне №13-21, якім унёс значныя змены ў сваё ж рашэнне №12-22 ад 17 чэрвеня 2016 г. “Аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні дэлегатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання”.
Згодна новаму райвыканкамаўскаму рашэнню, у Дрыбінскім раёне значна палепшаны ўмовы для правядзення пікетаў па збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандадатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Так, рашэннем №12-22 ад 17 чэрвеня забаранялася ладзіць пікетаванне ў наступных месцах: парк “Кропелька” у г. п. Дрыбін па вуліцы Леніна; сквер у г. п. Дрыбін па вуліцы Леніна; тэрыторыя аўтавакзала ў г. п. Дрыбін і чыгуначна га вакзала ў аг. Цёмны Лес; на адлегласці менш 50 метраў ад будынкаў і ўнутры будынкаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, суда, пракуратуры, ваеннага камісарыята, органаў унутраных спраў, органаў іпадраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, тэрыторый арганізацый, забяспечваючых жыццядзейнасць насельніцтва (прадпрыемствы вода- цяпло і энергазабеспячэння, устаноў аховы здароўя, устаноў адукацыі); на тэрыторыі устаноў аб’ектаў гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва, устаноў культуры.
Рашэнне Дрыбінскага райвыканкама №13-21 ад 1 ліпеня 2016 г. значна змяншае колькасць месцаў, забароненых для правядзення пікетавання. У прыватнасці, пад забарону патрапляюць: тэрыторыя аўтавакзала ў г. п. Дрыбін і чыгуначнага вакзала ў аг. Цёмны Лес; тэрыторыя плошчы каля будынка райвыканкама ў г. п. Дрыбін; раённая паліклініка ўстановы аховы здароўя “Дрыбінская раённая цэнтральная бальніца”.
Дрыбінскі раён разам з Горацкім і Мсціслаўскім уваходзіць у склад Горацкай выбарчай акругі №82. Горацкі райвыканкам ад пачатку яшчэ 24 чэрвеня прыняў вельмі ліберальнае рашэнне аб забароненых для пікетавання месцах у Горацкім раёне, якім забараняецца збіраць подпісы толькі на Цэнтральнай плошчы Горак, аўтавакзале і чыгуначнай станцыі “Пагодзіна”, у раённай паліклініцы.
Мсціслаўскі ж райвыканкам сваім рашэннем №16-3 ад 24 чэрвеня 2016 г. забараніў збор подпісаў паблізу вялікай колькасці аб’ектаў на тэрыторыі Мсціслаўскага раёна.
Акруговая выбарчая камісія 1 ліпеня зарэгістравала ініцыятыўныя групы трох патэнцыйных кандыдатаў, - актывіста Руху “За свабоду” з Дрыбіна Андрэя Юркова, прарэктара БДСХА Алены Каляснёвай і Д. Карнаўхава. Ужо зараз прыхільнікі гэтых прэтэндэнтаў у кандыдаты могуць ладзіць пікеты па збору подпісаў у падтрымку іх вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на тэрыторыі Горацкай выбарчай акругі №82.
У Магілёве павялічылася колькасць месцаў, дзе не забаронена збіраць подпісы
Колькасць месцаў, не забароненых для пікетавання з мэтай збору подпісаў, у Магілёве стала большай, чым першапачаткова вызначылі мясцовыя ўлады.
Магілёўскі гарвыканкам 30 чэрвеня ўнёс змены ў сваё рашэнне ад 24 чэрвеня "Об определении мест, запрещенных для проведения пикетирования с целью сбора подписей избирателей по выдвижению кандидатов в депутаты Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь шестого созыва".
Нагадаем, што згодна з папярэднім рашэннем збор подпісаў быў забаронены на плошчах Леніна і Славы (былой Савецкай), падземных пешаходных пераходах, аўтавакзале, аб'ектах чыгуначнага транспарту. Не дазволена было збіраць подпісы на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забаспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва. Гэтыя забароны засталіся і пасля змен, унесеных рашэннем ад 30 чэрвеня.
Пад забаронай для пікетаў засталіся тэрыторыі ўстаноў адукацыі і аховы здароўя.
Іншыя месцы, гэта значыць, тэрыторыі ўстаноў культуры, фізічнай культуры і спорту, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дазволены для пікетавання.
Таксама цяпер не будзе парушэннем закона збор подпісаў на адлегласці менш за 50 метраў ад арганізацый з колькасцю працуючых звыш 300 чалавек; на адлегласці менш за 200 метраў ад будынкаў, дзе знаходзяцца арганізацыі, на якія ўскладзены функцыі рэдакцый тэлевізійных і радыёвяшчальных СМІ.