Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Суды не задавальняюць скаргі на неўключэнне ў склад камісій

Віцебскі абласны суд не задаволіў патрабаванні грамадзянаў аб адмене рашэнняў  наконт фармавання выбарчых камісій

Дзве групы грамадзян вылучылі ў склад Віцебскай абласной выбарчай камісіі і ў склад Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай камісіі №18 праваабаронцу Паўла Левінава. А пасля працэдуры фармавання камісій, заўважыўшы парушэнні, запатрабавалі адмены адпаведных рашэнняў.

На абодвух пасяджэннях у абласным судзе прысутнічаў сам праваабаронца. Першае з іх, дзе разглядалася пытанне аб фармаванні акруговай камісіі, прайшло ў абласным судзе 30 чэрвеня.

“Група выбаршчыкаў, якая вылучала мяне ў камісію, звярнула ўвагу суду на тое, што былі парушаны патрабаванні пастановы ЦВК. Згодна з гэтай пастановай, перад пачаткам фармавання кожнай камісіі павінна абмяркоўвацца кожная кандыдатура – “дзелавыя і палітычныя якасці вылучаных асоб”. Прадстаўнікамі дзяржаўных арганаў на судзе былі спадарыня Чарыева і спадар Бутараў. Абодва прысутнічалі пры фармаванні камісій, але без права галасаваць. І абодва былі вымушаны прызнаць, што кандыдатуры сапраўды не абмяркоўваліся. Адзінае, што было прапанавана  на супольным пасяджэнні прэзідуюма Віцебскага абласнога савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкама   - гэта магчымасць для кіраўнікоў розных структур прадставіць сваіх вылучэнцаў. Але быў вызначаны рэгламент – 3 хвіліны, за якія, прыкладам, неабходна ахарактарызаваць 14 чалавек, прадстаўнікоў у 14 акруговых камісій. Зразумела, што гэта не паўнавартасные прадстаўленне, і ўжо аніяк не абмеркаванне вылучэнцаў”, - кажа Павел Левінаў.

Апроч гэтага, заўважыў праваабаронца, пра яго асабіста ў спісах для кожнага ўдзельніка галасавання была пададзена няпоўная інфармацыя. У прыватнасці, не было паведамлена, што ён – прадстаўнік ГА БХК, а было пазначана проста: “пенсіянер”. Што да  іншых вылучэнцаў, то прыналежнасць да грамадскіх арганізацый кшталту ветэранскай або ГА “Белая Русь” была ўказана.

“Прадстаўнікі дзяржаўных органаў на судовым пасяджэнні пагадзіліся, што працэдуры абмеркавання кандыдатур не было. Аднак суддзя Наталля Хількевіч  пастанавіла, што акруговая камісія №18, куды мне трапіць не ўдалося, сфармавана ў адпаведнасці з заканадаўствам. І патрабаванне групы грамадзянаў не задаволіла. Дарэчы, пытанне пра крытэрыі, у адпаведнасці з якімі вылучэнцаў уключалі ў камісіі, суддзя праігнаравала ўвогуле  - разглядаць яго проста не стала”, - рэзюмуе Павел Левінаў.

Практычна тая ж карціна паўтарылася і 1 ліпеня, калі абласны суд разглядаў патрабаванне групы грамадзянаў, што вылучалі праваабаронцу ў склад абласной выбарчай камісіі. Суддзя Таццяна Матушайкес, пазнаёміўшыся з пазіцыяй выбаршчыкаў, якія вылучалі Левінава, і прадстаўнікоў дзяржорганаў А. Галанаву і Г.Жулега, пастанавіла, што абласная выбарчая камісія была сфармавана ў адпаведнасці з заканадаўствам. І таксама ўстрымалася ад высвятлення крытэрыяў, па якіх праводзіўся адбор вылучэнцаў у камісію.

Паводле Паўла Левінава, дзве скаргі на пастановы абласнога суду ўжо накіраваны ім у Вярхоўны суд.

Суд у Брэсце адхіліў скаргу Руху “За Свабоду” наконт фармавання выбарчых камісій

У сваёй скарзе прадстаўнікі Руху адзначылі, што яшчэ 19 чэрвеня гэтая арганізацыя вылучыла сваіх прадстаўнікоў у склад трох выбарчых камісій, што павінны быць створаны на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Так, Сяргей Вакуленка быў вылучаны ў абласны выбарам, Віталь Чмель – у Брэсцкую-Заходнюю акруговую выбарчую камісію №1, а Карней Пятровіч - у Баранавіцкую-Заходюю акруговую выбарчую камісію №5. 22 чэрвеня выпіска з адпаведнага рашэння была накіравана ў аблвыканкам і праз два дні там яе атрымалі, пра што сведчаць дадзеныя “Белпошты”. Аднак 27 чэрвеня падчас сумеснага паседжання аблвыканкама і прэзідыюма абласнога Савета дэпутатаў, дзе фармаваліся выбарчыя камісіі, дакументы Руху “За Свабоду” не былі зачытаны і разгледжаны. Пазней прадстаўніку Руху было паведамлена, што здарылася гэта таму, што дакументы не былі прадстаўлены ў тэрміны, прадугледжаныя законам (дадзеныя аб уручэнні адпаведнага паштовага паведамлення гэта абвяргаюць).

На гэтай падставе Рух “За Свабоду” лічыць парушанымі палітычныя правы сваіх сябраў, у прыватнасці, права на ўдзел у вядзенні дзяржаўных справаў праз свабодна абраных прадстаўнікоў і права галасаваць на сапраўдных перыядычных выбарах.

Непасрэдна ў судзе прадстаўнікі Руху “За Свабоду” адзначылі, што лічаць згаданае паседжанне аблвыканкама і прэзідыюма абласнога Савета дэпутатаў фармальным, бо склад выбарчых камісій быў падрыхтаваны папярэдне ў нейкіх “рабочых групах”, стварэнне якіх не прадугледжана выбарчым заканадаўствам. У сваю чаргу прадстаўнік адказчыка – кіраўнік галоўнага упраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Сяргей Цімашук – паведаміў, што рашэнне пра фармаванне камісій адпавядае заканадаўству, а кандыдатуры ад Руха “За Свабоду” сапраўды разглядаліся ў “рабочых групах”.

У выніку суддзя Брэсцкага абласнога суда Ніна Усцімчук скаргу адхіліла і засведчыла, што фармаванне абласной і акруговых выбарчых камісій у Брэсцкай вобласці на выбарах у Палату прадстаўнікоў не пярэчыць заканадаўству.

Брэсцкі абласны суд адмовіў грамадзянам з Бярозы ў задавальненні скаргі на неўключэнне Тамары Шчапёткінай у акруговую камісію

Тамара Шчапёткіна была рэкамендавана ў сябры Бярозаўскай акруговай выбарчай камісіі №9  па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусі 10-цю грамадзянамі. Чаму яе не ўключылі,  Шчапёткінай, якая асабіста прысутнічала на паседжанні падчас стварэння камісій, адказу не было.

Грамадзяне, якія накіроўвалі Шчапёткіну ў акруговую камісію, звярнуліся са скаргай у суд. Яны прасілі прызнаць неуключэнне сумесным пасяджэннем прэзідыума Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў і Брэсцкага аблвыканкаму ў склад акруговай выбарчай камісіі спн. Тамары Шчапёткінай неправамерным, ушчамляючым грамадзянскія правы выбаршчыкаў. Яны таксама прасілі суд абавязаць прэзідыюм Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў і Брэсцкі аблвыканкам прыняць новае рашэнне па змяненні складу акруговай выбарчай камісіі з уключэннем у яе склад спн. Тамары Шчапёткінай.

Заяўнікі спасылаліся на тое, што не была выканана працэдура стварэння камісіі, прадугледжаная Пастановай Цэнтральнай камісіі ад 8 чэрвеня 2016 г. №18 "Пра тлумачэнне прымянення палажэнняў Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусі, якія прадугледжваюць парадак утварэння выбарчых камісіяў пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі шостага склікання». Згодна з Пастановай, ЦВК абавязвае перад прыняццем рашэння пра фарміраванне выбарчай камісіі вынесці на абмеркаванне пытанне пра дзелавыя і палітычныя якасці асоб, якіх вылучылі ў склад камісіі, а калі колькасць прэтэндэнтаў у склад выбарчай камісіі перавышае колькасць прадугледжаных членаў камісіі, заслухаць інфармацыю па кожнай кандыдатуры і правесці персанальнае галасаванне. 

Прадстаўнік аблвыканкаму ў судзе сп. Цімашук не пагадзіўся, што абмеркавання не было. Па яго словах, былі зачытаны год нараджэння, месца працы і хто накіраваў. Тамара Шчапёткіна выказала думку, што гэтага занадта мала для прыняцця рашэння аб уключэнні ці неўключэнні ў камісію. Яна зноў задала пытанне, чаму яе не ўключылі , на што Цімашук сказаў, што, маўляў, усіх не ўключыш, да таго ж не ўключылі не толькі адну Шчапёткіну. Суддзя Андрэй Алешчык на гэта заўважыў, што ніякага часу не хапіла б, калі б абмяркоўвалі падрабязней.

На думку пракурора Васілевіч і суддзі Алешчыка, падставаў для задавальнення скаргі грамадзян не было выяўлена.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары