Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Смаргонь, Шклоў, Слонім, Бабруйск, Салігорск, Кобрын, Горкі: адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп пакуль няма

Паседжанне акруговай камісіі Ленінскай выбарчай акругі г. Бабруйска
Паседжанне акруговай камісіі Ленінскай выбарчай акругі г. Бабруйска

Смаргонь: «атамны» раён актывізуецца

   Надзіва аператыўна Смаргонская акруговая камісія №59 зарэгістравала першых прэтэндэнтаў у кандыдаты на званне дэпутата Палаты прадстаўнікоў.

   Так, арганізацыйнае паседжанне адбылося 29 чэрвеня, а ўжо праз дзень, 1 ліпеня, на сваім чарговым паседжанні зарэгістравала першыя ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў за рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў.
   Зарэгістравана ініцыятыўная група ў падтрымку Адама Кавалько – дзеючага старшыні Астравецкага райвыканкама. Яго ініцыятыўная група ў складзе 58 чалавек узначальваецца кіраўніком групы па інфармацый працы і сувязях з грамадскасцю Беларускай  атамнай электрастанцыі Эдуардам Свірыдам (сябе ён называе каротка прэс-сакратаром БелАЭС).

   Нагадаем, што Адам Кавалько -- цяперашні член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. У Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу пятага склікання ён быў вылучаны ад Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў.

   У супрацьвагу лабіраванню інтарэсаў “атамнага” Астравецкага раёна зарэгістраваўся  яшчэ адзін прэтэндэнт у дэпутаты – намеснік старшыні Беларускай партыі “Зялёныя” Зміцер Кучук. У складзе ўзначальваемай ім жа зарэгістраванай ініцыятыўнай групы 12 чалавек.

У Шклоўскай выбарчай акрузе №90 зарэгістраваныя дзве ініцыятыўныя групы

4 ліпеня ў Шклове адбылося пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі №90 па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Пасяджэнне камісіі пачалося ў 15-00 і скончылася вельмі хутка, менш, чым праз 10 хвілін. Акруговая камісія зарэгістравала дзве ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – бялыніцкага прадпрымальніка Пятра Шымбалёва і памочніка прэзідэнта, галоўнага інспектара па Брэсцкай вобласці Дзмітрыя Гобарава.

Па меркаванні бялыніцкіх актывістаў, менавіта Дзмітрый Дзмітрыевіч Гобараў і будзе “абраны” дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90. Да прызначэння на пасаду памочніка прэзідэнта – галоўнага інспектара па Брэсцкай вобласці ў 2013 годзе Дзмітрый Гобараў працаваў старшынёй Магілёўскага райвыканкама, яшчэ раней ён узначальваў Круглянскі райвыканкам, працаваў першым намеснікам старшыні Шклоўскага райвыканкама.

На пасяджэнні камісіі спадар Гобараў не прысутнічаў. Іншы прэтэндэнт у кандыдаты, бялыніцкі прадпрымальнік Пётр Шымбалёў, кажа, што яго запрасілі ў кабінет 200 Шклоўскага райвыканкама літаральна на хвіліну, а пазней ён ужо ў вестыбюле чакаў дзесьці паўгадзіны, пакуль члены акруговай камісіі аформяць пасведчанні для чальцоў яго ініцыятыўнай групы.

Па словах Пятра Шымбалёва, чальцы яго ініцыятыятыўнай групы пачнуць збор подпісаў выбаршчыкаў ужо з 5 ліпеня. У склад групы ўвайшло 17 чалавек. Прэтэндэнт у кандыдаты кажа, што ён будзе абавязкова ладзіць пікетаванне па збору подпісаў каля сваёй крамы ў Бялынічах, магчыма, пікеты будуць арганізаваныя і ў іншых месцах.

Пётр Шымбалёў выказаў спадзяванне, што пікет па збору подпісаў у падтрымку яго вылучэння наведае былы кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч, бо бялыніцкі прадпрымальнік вылучаецца пры падтрымцы кампаніі “Гавары праўду”.

Нагадаем, што у якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90 плануе вылучацца і намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які стала пражывае ў Шклове. Рыгор Кастусёў збіраецца вылучыцца кандыдатам у дэпутаты на партыйным з’езде, які адбудзецца 23 ліпеня ў Мінску. Рэгістраваць ініцыятыўную групу ў падтрымку свайго вылучэння палітык не плануе, бо лічыць, што выбаршчыкі і так добра ведаюць яго пазіцыю па розных пытаннях – Рыгор Кастусёў неаднаразова удзельнічаў у парламенцкіх выбарах у Шклоўскай выбарчай акрузе №90 у якасці кандыдата ў дэпутаты.

Па неафіцыйнай інфармацыі, збіраецца вылучацца кандыдатам у дэпутаты па Шклоўскай выбарчай акрузе №90 і адзін з чальцоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Ён таксама плануе вылучацца кандыдатам на партыйным з’ездзе.

Некампетэнтныя члены выбарчай камісіі ў Слоніме

У суботу, 2 ліпеня, слонімцы прынеслі ў выбарчую камісію Слонімскай выбарчай акругі № 58 дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты Івана Шэгі.

У камісіі дзяжурыў член камісіі Генадзь Назаранка, які быў вылучаны Беларускім прафесіянальным саюзам работнікаў  аховы здароўя і шляхам падачы заяў грамадзян. Калі спадар Назаранка ўзяў у рукі спіс сяброў ніцыятыўнай групы і азнаёміўся з імі, то сказаў, што ён не прыме дакументы, бо сярод сяброў ініцыятыўнай групы Івана Шэгі ёсць і тыя, хто жыве не ў Слонімскім раёне. А трэба, маўляў, каб усе сябры ініцыятыўнай групы былі са Слонімшчыны. Тады Іван Шэга запярэчыў і папрасіў патэлефанаваць старшыні камісіі Алене Мачалінай. Спадар Назаранка патэлефанаваў Мачалінай, і тая сказала, што Іван Шэга мае рацыю, і дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы неабходна прыняць. Але спадар Назаранка зноў не супакойваўся. Ён сказаў, што неабходна, каб былі пры прыёме дакументаў пашпарты ўсіх сяброў ініцыятыўнай групы. Іван Шэга зноў зрабіў Назаранку заўвагу адносна яго некампетэнтнасці і сказаў, што іх пашпартоў не трэба, а толькі прэтэндэнта ў кандыдаты. І толькі пасля ўсіх гэтых недарэчнасцяў, звязаных з некампетэнтнасцю члена камісіі, дакументы на рэгістрацыю прынялі.

У панядзелак, 4 ліпеня, ініцыятыўную групу Івана Шэгі зарэгістравалі.

Бабруйск: ініцыятыўныя групы зарэгістравалі пакуль толькі дэмакраты

У Бабруйску прайшлі паседжанні па рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, на якія пакуль падалі дакументы толькі прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці.

На паседжанні камісіі ў Ленінскай выбарчай акрузе №78 разгледзелі дакументы ініцыятыўных груп Таісіі Кабанчук (БХД) і Таццяны Гутаравай (“Гавары праўду”), і яны атрымалі рэгістрацыю.  

Паседжанне прайшло без удзелу прэтэндэнтак ці іх прадстаўнікоў, але вядома, што запрашэнні на паседжанне яны атрымалі.

На паседжанні выбарчай камісіі Першамайскай акругі № 79 зарэгістравалі ініцыятыўную групу вядомага бабруйскага блогера Алега Жалнова. Асноўную падтрымку ў правядзенні кампаніі яму забяспечаць сябры АГП, з нядаўняга часу Жалноў займае ў мясцовай суполцы пасаду намесніка старшыні.

На паседжанні прысутнічала таксама давераная асоба Жалнова і старшыня мясцовай суполкі АГП - Галіна Смірнова. Яна расказала, што ў ініцыятыўную групу прэтэндэнта ў кандыдаты ўваходзяць 72 чалавекі, сярод іх ёсць і беспартыйныя, яны ўжо атрымалі свае пасведчанні і гатовыя да працы.

Алена Мядзведзева, бабруйская каардынатарка кампаніі "Гавары праўду" паведаміла, што акрамя Таццяны Гутаравай рэгістрацыю атрымалі ініцыятыўныя групы Уладзіміра Шчарбатых (Першамайская акруга), і Андрэя Архіпенкі (Сельская акруга).

Салігорск: улада і апазіцыя вызначаюцца з кандыдатамі на парламенцкія выбары

Ужо вядомыя першыя прэтэндэнты ад улады і апазіцыі па салігорскіх гарадской і сельскай выбарчых акругах, гатовыя пазмагацца за дэпутацкі фатэль у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

2-га ліпеня акруговы выбаркам Салігорскай гарадской выбарчай акругі № 68 зарэгістраваў ініцыятыўную групу грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у дэпутаты Андрэя Рыбака. Спадар Рыбак з’яўляецца намеснікам генеральнага дырэктара ААТ “Беларуськалій” па камерцыйных пытаннях і лагістыцы. Топ-мэнэджар калійнага гіганта на выбарах, відавочна, будзе прадстаўляць улады, хоць раней актыўнасці ў грамадска-палітычным жыцці Салігоршчыны ён ніколі не праяўляў.

Вядомы і прадстаўнік улады па Салігорскай сельскай выбарчай акрузе №69. Дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы ў акруговы выбаркама ўжо накіравала Юлія Мурына, дырэктарка Салігорскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Паседжанне выбарчай камісіі, на якім будзе раглядацца пытанне аб рэгістрацыі яе ініцыятыўнай группы, прызначана на вечар 4-га ліпеня. Зрэшты, няма ніякіх сумневаў што ініцыятыўная група былой першай сакратаркі салігорскага аддзялення БРСМ будзе паспяхова зарэгістравана.

3-га ліпеня падчас справаздачна-выбарнай канферэнцыя Мінскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі былі афіцыйна агучаныя прозвішчы партыйных прэтэндэнтаў, якія будуць змагацца за дэпутацкія фатэлі ў новым парламенце ад Салігоршчыны. Імі сталі вядомыя мясцовыя актывісты Віктар Малочка і яго сын Аляксандр. Віктар Малочка будзе вылучацца па Салігорскай сельскай выбарчай акрузе, а Аляксандр Малочка прадставіць партыю АГП у гарадской акрузе. Прымаць удзел у этапе збору подпісаў салігорскія прадстаўнікі АГП не будуць. Афіцыйнае ж зацверджанне Малочкаў у якасці кандыдатаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыіі адбудзецца 18 ліпеня, падчас адмысловага з’езду Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Варта адзначыць, што дагэтуль невядома, ці плануюць выстаўляць свае кандыдатуры дзеючыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Салігоршчыны Яўгеній Абаленскі і Таіса Данілевіч.

Кобрынская акруговая камісія № 12 тармозіць працу жадаючых паўдзельнічаць у выбарах

Сябра аргкамітэта “Руху за незалежнасць” Алесь Мех з Кобрына падаў заяву на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы колькасцю 13 чалавек. Зарэгістравана група будзе толькі 5 ліпеня. А.Меху  двойчы прыйшлося падаваць дакументы на рэгістрацыю. Першы раз 28 чэрвеня дакументы не прынялі, другі раз - 1 ліпеня. 4 ліпеня ён доўга спрабаваў набіраць нумар тэлефона акруговай камісіі 2-25-44, але ніхто трубку не падняў. Сакратарка райвыканкама параіла патэлефанаваць дзяжурнай па камісіі Ганне Брынчук на працоўнае месца. Брынчук – супрацоўніца арганізацыйнага аддзела райвыканкама. Толькі тады Мех змог даведацца, што паседжанне па рэгістрацыі ініцыятыўных груп адбудзецца 5 ліпеня.

Ён лічыць, што такая праца паказвае безадказныя адносіны з боку камісіі.

Акруговая выбарчая камісія Горацкай выбарчай акругі №82 зарэгістравала тры ініцыятыўныя групы па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў

Чарговае пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Горацкай выбарчай акругі №82 адбылося вечарам 1 ліпеня.

На пасяджэнні было разгледжаны пытанні аб рэгістрацыі трох ініцыятыўных груп па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У выніку разгляду ўсе тры ініцыятыўныя групы - па вылучэнні Д. Карнаўхава, А. Юркова і А. Каляснёвай, - былі зарэгістраваныя.

Ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты актывіста Руху “За свабоду” Андрэя Юркова была зарэгістраваная пад №2, у склад групы ўвайшло 15 чалавек. Андрэй Юркоў быў адзіным з прэтэндэнтаў у кандыдаты, які сам прысутнічаў на пасяджэнні акруговай камісіі і атрымаў там пасведчанні чальцоў ініцыятыўнай групы ў падтрымку свайго вылучэння.

Інтарэсы Алены Каляснёвай, прарэктара па вучэбнай рабоце (завочнаму навучанню) Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, падчас пасяджэння акруговай камісіі прадстаўляў кіраўнік яе ініцыятыўнай групы. Па інфармацыі горацкіх дэмакратычных актывістаў, менавіта Алена Пятроўна Каляснёва будзе тым кандыдатам, які і стане дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Трэці прэтэндэнт у кандыдаты, Д. Карнаўхаў, працуе ў Мінску. На пасяджэнні акруговай камісіі ні сам патэнцыйны кандыдат, ні прадстаўнікі ініцыятыўнай групы па яго вылучэнню заўважаны не былі.

У Горацкую выбарчую акругу №82 уваходзяць Горацкі, Дрыбінскі і Мсціслаўскі раёны. У параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2012 года тут значна зменшылася колькасць выбаршчыкаў. Калі ў 2012 годзе ў акрузе было 60 912 выбашчыкаў, то ў 2016 толькі 55 472, т. ё за чатыры гады колькасць выбаршчыкаў у акрузе №82 зменшылася на 5 440 чалавек.

Падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у 2012 годзе ў Горацкай выбарчай акрузе №82 супернікам Андрэя Юркова, які тады таксама вылучаўся кандыдатам у дэпутаты, быў тагачасны дэкан агранамічнага факультэта БДСХА Міхаіл Волкаў, які з’яўляецца дзеючым дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Зараз Міхаіл Волкаў сваю кандыдатуру на выбарах пакуль не выстаўляе.

Усё кіраўніцтва акруговай выбарчай камісіі Горацкай выбарчай акругі №82 працавала ў складзе акруговай камсіі і падчас выбараў 2012 года.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары