Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Гродна, Бабруйск: у камісіях – выключна “правераныя кадры”

Бабруйск: у камісіі Сельскай акругі - начальнікі і кіраўнікі

У Сельскай акрузе № 80 пераважная колькасць сябраў камісіі займаюць кіраўнічыя пасады і ўваходзілі ў выбарчыя камісіі на мясцовых, парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах.

Старшынёй камісіі абраная Ірына Старавойтава - яна ўжо мае вопыт працы на выбарах у Палату прадстаўнікоў, працуе галоўным бухгалтарам Бабруйскага райвыканкаму, вылучалася ад працоўнага калектыву. Намесніца старшыні акруговай камісіі, Наталля Якімава, займала аналагічную пасаду і раней. Яна працуе кіраўніцай справамі Бабруйскага райвыканкаму, вылучалася ад "Беларускага саюзу жанчын". Сакратарка камісіі - Святлана Семянчукова, працуе намесніцай галоўнага бухгалтара аддзелу адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага райвыканкаму, вылучалася ад прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі. Яна таксама мае вопыт працы на выбарах у ПП НС.

Зноў патрапіла ў выбарчую камісію Алена Белавусава, вылучалася ад выбаршчыкаў, працуе галоўным спецыялістам упраўлення ідэалагічнай працы гарвыканкаму. Таццяна Арцюхова, дзеючая дэпутатка Кіраўскага раённага Савету, працуе загадчыцай дзіцячага садка №4 у Кіраўску, вылучалася ад выбаршчыкаў. Яўгенія Доўнар мае вопыт кіравання выбарчай камісіяй, яна старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, і ад яго ж вылучалася.

Аліна Калашманава галоўны бухгалтар аддзелу ідэалагічнай працы райвыканкаму, вылучалася ад "Беларускага фонду міра". Вераніка Падаляк мае вопыт працы ў ВК, яна першы сакратар Бабруйскага райкаму БРСМ, вылучалася ад сваёй арганізацыі. Яшчэ адна вопытная сябра камісіі - Таццяна Тарасевіч, працуе дырэктаркай раённага цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, вылучалася ад "Белай Русі". Віталь Токараў вылучаўся ад выбаршчыкаў, працуе начальнікам Кіраўскага філіялу "Магілёўаблдарбуд". Былы дэпутат райсавету Сяргей Феднеў таксама патрапіў ў склад ВК, вылучаўся ад прафсаюзу работнікаў аграпрамысловага комплексу, у якім займае пасаду старшыні.

Ірына Бобр неаднойчы ўваходзіла ў склад камісій падчас выбараў, тады яна вылучалася ад "Белай Русі", зараз ад выбаршчыкаў. Працуе галоўным спецыялістам па аўтаматызацыі Кіраўскага райвыканкаму.

У гродзенскіх акруговых камісіях -- толькі правераныя “кадры”

З мінулых выбараў у гродзенскіх акруговых камісіях мала што змянілася. Як гаворыцца, кадры вырашаюць усё. Напэўна таму, каб і гэтым разам усё было вырашана так, як раней, кадры застаюцца нязменнымі. Так, 11 з 13-ці сяброў Ленінскай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на мінулых выбарах патрапілі ў сённяшнія камісіі №51 і № 52, якія размешчаныя збольшага на тэрыторыі таго ж Ленінскага раёну г. Гродна.

   Справа ў тым што на мінулых выбарах Гродна быў падзелены на дзве выбарчыя акругі, плюс сельская. Зараз такіх акругаў чатыры плюс яшчэ сельская. Сябры ранейшай Ленінскай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь амаль усе патрапілі і ў склад гэтых абедзвюх камісій.

   Так, у Гродзенскую-Ленінскую акруговую камісію №52 патрапілі тыя самыя асобы, што і на мінулых выбарах у Ленінскую: Гарошка Леанід Мікалаевіч, Жук Леанід Уладзіміравіч, Жук Таццяна Вітольдаўна, Мішанкова Надзея Аляксандраўна, Бялінскі Алег Генадзевіч, Астроўская Іна Вячаславаўна.

   А ў камісію Гарадзенскай-Цэнтральнай акругу № 51 патрапілі з мінулай камісіі і з мінулых выбараў: Волкава Марына Расціславаўна, Кірэеў Ігар Іванавіч, Кушлевіч Ала Юльянаўна, Сямашка Сяргей Мікалаевіч, Скоблеў Барыс Міхайлавіч.

   Варта яшчэ адзначыць, што на мінулых выбарах амаль усе асобы, якія былі ў Ленінскай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а зараз патрапілі ў камісіі №51 і № 52, вылучаліся той раз шляхам падачы заяў грамадзян. Зараз жа практычна ўсе яны да заяў грамадзян маюць яшчэ і вылучэнні ад сваіх прафсаюзаў. Нязменнымі ў вылучэнні засталіся толькі Сямашка ад “Белай Русі” і Скоблеў ад арганізацыі ветэранаў.

   Напомнім, што ў склад акруговай камісіі № 52 патрапіў толькі адзін вылучынец ад апазіцыі, прадстаўнік Гарадзенскай арганізацыі БНФ Яўген Чыгір.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары