Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Грамадзяне паскардзіліся ў суд на неўключэнне Тамары Сідарэнка ў склад акруговай камісіі

Тамара Сідарэнка. Фота svaboda.org
Тамара Сідарэнка. Фота svaboda.org

Як паведамляе Рух “За свабоду”, 4 ліпеня 2016 у 15:00 у Мінскім гарадскім судзе будзе разглядацца скарга грамадзянаў 101 Сухараўскай выбарчай акругі на неўключэнне вядомай адвакаткі і праваабаронцы Тамары Сідарэнкі ў склад акруговай выбарчай акругі.

Тамара Сідарэнка была вылучаная адначасова Радай Руху «За Свабоду» і шляхам збору подпісаў грамадзянаў. У скарзе падкрэсліваецца, што рашэнне Прэзідыуму Мінскага гарадскога савету дэпутатаў і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэту «з'яўляецца неабгрунтаваным і парушае правы грамадзянаў, паколькі Сідарэнка з'яўляецца высокакваліфікаваным юрыстам, мае 33-гадовы вопыт паспяховай адвакацкай дзейнасці, неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Яе ўключэнне ў склад акруговай выбарчай камісіі будзе садзейнічаць законнасці, дэмакратычнасці і празрыстасці выбарчага працэсу па Сухараўскай выбарчай акрузе № 101, забеспячэнню свабоднага волевыяўлення грамадзянаў, прадухіленню заведама няправільнага падліку галасоў або іншых скажэнняў вынікаў галасавання».

Падпісанты звяртаюцца ў суд, каб той прызнаў скаргу абгрунтаванай, запатрабаваў матэрыялы адбору кандыдатаў на ўключэнне ў склад  акруговай камісіі Сухараўскай выбарчай акругі № 101 і абавязаў мінскія гарадскія ўлады ключыць Тамару Сідарэнка  ў склад акруговай камісіі Сухараўскай выбарчай акругі № 101, па якой плануе балатавацца Намеснік Старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец.

Юрыст Аляксандр Жук, які зяўляецца сябрам ініцыятыўнай групы Алеся Лагвінца, падкрэслівае:

«Перад намі сістэмная хіба выбарчага заканадаўства – адсутнасць празрыстых і зразумелых крытэрыяў ўключэння ў склад выбарчых камісіяў. Больш за тое, мінскія ўлады не інфармуюць пра прычыны свайго рашэння грамадзянаў. Ідзе парушэнне як Канстытуцыі, так і міжнародных дакументаў, што падпісала Беларусь у тым што тычыцца права на інфармацыю. Я ўжо не кажу, што такая практыка цалкам супярэчыць і літары, і духу рэкамендацыяў БДІПЧ АБСЕ».


Каментары