Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Гомельская вобласць: практычна ўсе акруговыя камісіі ўзначалілі намеснікі старшынь выканкамаў па ідэалагічнай працы

Аналіз кіраўніцтва акруговых камісій (старшыні, намеснікі, сакратары), створаных у Гомельскай вобласці, паказвае, што практычна ўсе структуры ўзначалілі намеснікі старшынь выканкамаў па ідэалагічнай працы. Гэтыя ж людзі на працягу многіх кампаній працуюць у рознага кшталту выбарчых камісіях.

Напрыклад, намеснік кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Наталля Кавалёва ўзначаліла Юбілейную №31 акруговую камісію, намеснік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Вольга Дацэнка – Цэнтральную №33 акруговую камісію, намеснік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля Алена Герашчанка – Савецкую №34 акруговую камісію, намеснік кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёна Васіль Зубец – Навабеліцкую №36 акруговую камісію. Аналагічна, па аднаму і таму ж трафарэту старшынямі акруговых камісій з'яўляюцца Ігар Палуян – намеснік старшыні Гомельскага райвыканкаму, Леанід Валатаўскі – намеснік старшыні Жыткавіцкага райвыканкаму, Віктар Касцяйкоў – намеснік старшыні Жлобінскага райвыканкаму, Алег Макушынскі – намеснік старшыні Калінкавіцкага райвыканкаму, Канстанцін Пятроўскі – намеснік старшыні Светлагорскага райвыканкаму, Жанна Чарняўская – намеснік старшыні Хойніцкага райвыканкаму. Варта заўважыць, што па беларускай заганнай традыцыі вылучаны яны для працы ў камісіях «грамадскасцю» - прафсаюзнымі арганізацыямі, грамадзянамі шляхам збору подпісаў, Беларускім саюзам жанчын і так далей.

У акруговых камісіях абавязкова прысутнічаюць начальнікі аддзела арганізацыйна-кадравай працы выканкамаў – ці сакратарамі, ці намеснікамі старшынь камісій.

Толькі некалькі камісій узначалілі не намеснікі старшынь выканкамаў, але ўсе ж свае, выканкамаўскія людзі. Так, прафсаюзны дзеяч Галіна Заморская ўзначаліла Рагачоўскую №45 акруговую камісію. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай дапамозе Мазырскага райвыканкаму Пётр Шуцько ўзначаліў Палесскую №43 акруговую камісію, а ў Рэчыцы камісію ўзначаліў упраўляючы справамі райвыканкаму Рыгор Якушаў. Яго калега па Буда-Кашалёву Вячаслаў Кірыленка ўзначаліў таксама акруговую камісію.

На Сельмашаўскай акрузе Гомеля №32 вырашылі ўзмацніць камісію і паставілі кіраваць ёй намесніка начальніка па ідэалагічнай працы КЖРЭУП «Сяльмашаўскае» Андрэя Лаўшука, а яго намеснікам прызначылі Мікалая Кавалевіча – намесніка генеральнага дырэктара ААТ «Гомсельмаш» па ідэалогіі. Такім чынам, аж два «буйныя» ідэолагі будуць гарантаваць празрыстасць і дэмакратычнасць выбарчай працэдуры.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары