Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Смаргоні акруговая камісія адрэагавала маўчаннем на заўвагу назіральніка пра мінулагоднюю фальсіфікацыю

Раіса Захарыч, старшыня Смаргонскай акруговай камісіі
Раіса Захарыч, старшыня Смаргонскай акруговай камісіі

29 чэрвеня адбылося першае паседжанне Смаргонскай акруговай выбарчай камісіі №59. У прысутнасці двух кіруючых работнікаў райвыканкама была абраная старшынёй камісіі Раіса Захарыч (на фота) – дырэктарка УА “Сярэдняя школа №5 г. Смаргоні”. Далей  пасяджэнне вяла ўжо яна.

   Цікава, што пасля скандалу, звязанага з фальсіфікацыяй на мінулых прэзідэнцкіх выбарах у Смаргонскім раёне, калі за кандыдата Таццяну Караткевіч паводле выніковых пратаколаў на 8-мі выбарчых участках  незалежныя назіральнікі зафіксавалі каля 1870 галасоў, а на сайце ЦВК была паказана выніковая лічба па ўсім раёне 860, зараз склад камісіі змяніўся больш чым напалову. Прынамсі, былы намеснік старшыні не патрапіў у камісію, а былы сакратар у новай камісіі застаўся  без пасады. Але Раіса Захарыч, якая тады ўзначальвала Смаргонскую раённую камісію, пасаду за сабой захавала і зараз.

   Напрыканцы пасяджэння Раіса Захарыч спытала ў праваабаронцы Алеся Дзергачова, які прысутнічаў у якасці назіральніка і які абскарджваў пасля прэзідэнцкіх выбараў выяўленыя фальсіфікацыі, ці мае ён заўвагі па ходу пасяджэння. Той адказаў, што заўвагаў не мае, але выказаў пажаданне, каб камісія больш уважліва падсумоўвала вынікі выбараў па раёне, распавёўшы новым сябрам камісіі пра названую неадпаведнасць вынікаў мінулых выбараў.

   Ні пытанняў, ні ўдакладненняў, ні пярэчанняў з боку сталых сябраў камісіі гэта заўвага не выклікала.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары