Подпісы за вылучэнне кандыдатаў забаронена збіраць на самай вялікай плошчы краіны – віцебскай плошчы Перамогі
Плошчы Перамогі - самая вялікая не толькі ў горадзе, але і ва ўсёй Беларусі, да таго ж практычна пустая: толькі зрэдку тут праводзяцца гарадскія мерапрыемствы. У астатні час на тэрыторыі ў некалькі гектараў арганізаваны хіба толькі пракат дзіцячых электрамабіляў.
Рашэнне пра тое, што плошча Перамогі ўвайшла ў пералік месцаў, дзе забаронена ладзіць пікеты па зборы подпісаў, прыняў 27 чэрвеня Віцебскі гарвыканкам. Варта зазначыць, што забарона збіраць подпісы ў гэтым месцы бывае перманентнай: то яна ёсць, то яе няма. Таму цяжка сказаць, чым кіруюцца чыноўнікі, калі забараняюць ці дазваляюць арганізоўваць пікеты ў гэтым месцы – на плошчы, якая і стваралася дзеля правязення публічна-масавых мерапрыемстваў. Менавіта такім чынам чыноўнікі тлумачылі неабходнасць вырубкі дрэваў і знішчэння зялёнай зоны падчас рэканструкцыі плошчы, абноўлены выгляд якой дагэтуль выклікае абурэнне гараджан.
Што да астатняга зместу рашэння гарвыканкама № 862, то яно тыповае. Як і шмат якіх іншых рэгіёнах вобласці, забаронена ладзіць пікеты па зборы подпісаў бліжэй як у 20-ці метрах ад будынкаў райвыканкамаў, райаддзелаў і віцебскай абласной управы міліцыі, трох раённых судоў, гарадской і абласной пракуратуры і абласнога ўпраўлення КДБ.