Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Шклове прэтэндэнт у кандыдаты здолеў падаць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы толькі пасля доўгіх пошукаў

Бялыніцкі прадпрымальнік Пётр Шамбалёў
Бялыніцкі прадпрымальнік Пётр Шамбалёў

30 чэрвеня ў акруговую выбарчую камісію Шклоўскай выбарчай акругі №90 былі пададзены дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы выбаршчыкаў па вылучэнню кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў бялыніцкага прадпрымальніка Пётра Шымбалёва.

Падача дакументаў у акруговую камісію прэтэндэнтам у кандыдаты не абыйшлася без прыгод. Пётр Шымбалёў на працягу значнага адрэзку часу вымушаны быў расшукваць чальцоў акруговай камісіі па будынку Шклоўскага райвыканкама, бо кабінет, дзе павінна працаваць камісія, у яе працоўны час аказаўся зачыненым. Супрацоўнік міліцыі на ўваходзе ў будынак Шклоўскага райвыканкама (менавіта там у кабінеце №200 месціцца акруговая выбарчая камісія Шклоўскай выбарчай акругі №90) параіў пашукаць старшыню камісіі Аляксандра Гурынава ў кабінеце 426, дзе знаходзіцца Шклоўская раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, кіраўніком якой з’яўляецца Аляксандр Гурынаў. Аднак і гэты кабінет аказаўся зачыненым.

Пасля гэтага Пётр Шымбалёў са сваім сябрам накіраваўся да працоўнага кабінета начальніка арганізацыйна-кадравага аддзела Шклоўскага райвыканкам Алены Пекерт. Алена Іванаўна з’яўляецца сакратаром акруговай выбарчай камісіі, аднак начальніка арганізацыйна-кадравага аддзела райвыканкама таксама не аказалася на працоўным месцы, яе кабінет таксама быў зачынены.

Прэтэндэнт у кандыдаты звярнуўся ў суседні кабінет да адной са спецыялістак арганізацыйна-кадравага аддзела Шклоўскага райвыканкама з пытаннем, дзе ўсё ж можна знайсці каго-небудзь з чальцоў акруговай камісіі, каб падаць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Спачатку жанчына вялікага імпэту аказаць дапамогу не выказала. Яна пачала нейкія актыўныя дзеянні па росшуку членаў камісіі з дапамогай мабільнага тэлефона толькі пасля папярэджання, што Пётр Шымбалёў і яго сябар будуць тэлефанаваць у ЦВК, каб там дапамаглі шклоўскім чыноўнікам арганізаваць працу акруговай выбарчай камісіі.

Толькі пасля гэтага неўзабаве каля кабінета №200 Шклоўскага райвыканкама з’явіўся старшыня акруговай камісіі №90 Аляксандр Гурынаў. Алякснадр Рыгоравіч патлумачыў, што акруговая камісія “пачала працу толькі сёння” (г.зн. 30 чэрвеня), трэба вырашаць розныя пытанні, таму нікога і не было ў памяшканні камісіі.

Нагадаем, што акруговыя камісіі ў Магілёўскай вобласці былі створаны 27 чэрвеня, а арганізацыйнае пасяджэнне Шклоўскай акруговай камісіі №90, на якім было абранае яе кіраўніцтва, адбылося 29 чэрвеня ў 11-00. Чаму ў 15-40 30 чэрвеня акруговая камісія “толькі пачала працу”,  для прэтэндэнта ў кандыдата засталося загадкай.

Аляксандр Гурынаў паведаміў прэтэндэнту ў кандыдаты, што той першы падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў падтрымку свайго вылучэння, а таксама паабяцаў Пятру Шымбалёву, што яму абавязкова паведамяць аб выніках разгляду ва ўстаноўлены тэрмін. Старшыня акруговай камісіі распавёў, што 30 чэрвеня працэдурай вылучэння кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у яго цікавіўся яшчэ адзін жыхар Бялыніцкага раёна.

Бялыніцкі прадпрымальнік Пётр Шымбалёў вылучаецца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пры падтрымцы кампаніі “Гавары праўду”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары