Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Аналітычная справаздача па выніках назірання за фарміраваннем тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій

Лагатып кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Лагатып кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Назіранне ажыццяўляюць актывісты РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»

ВЫСНОВЫ

– змены ў Выбарчым кодэксе 2013 г. увялі дадатковы ўзровень выбарчых камісій пры правядзенні парламенцкіх выбараў – гэта тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі (ТВК – абласныя і Мінская гарадская тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі);

– ТВК і АВК з’яўляюцца важным механізмам выбарчага працэсу, які істотна ўплывае на правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў;

– фарміраванне ТВК і АВК адбывалася на фоне шырока анансаваных ЦВК новых падыходаў, якія павінны прымяняцца адказнымі органамі: магчымасць прысутнасці назіральнікаў (у тым ліку міжнародных) на пасяджэннях органаў падчас фарміравання выбарчых камісій, абмеркаванне дзелавых і палітычных якасцяў вылучаных у камісіі прэтэндэнтаў. У выпадках, калі колькасць вылучаных у камісіі перавышае прадугледжаную квоту, павінна заслухоўвацца інфармацыя па кожнай кандыдатуры і праводзіцца персанальнае галасаванне;

– усе суб’екты, што вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад ТВК і АВК, мелі магчымасць прадаставіць неабходныя дакументы ў органы, адказныя за фарміраванне камісій;

– на пасяджэннях органаў, што фарміруюць выбарчыя камісіі, прымяняліся новыя практыкі, у прыватнасці, заслухоўваліся характарыстыкі вылучаных прэтэндэнтаў і праводзілася галасаванне па кожнай кандыдатуры, часам прэтэндэнтаў выклікалі на папярэдняе сумоўе;

– адсутнасць заканадаўча замацаваных крытэраў для прэтэндэнтаў у склад выбарчых камісій па-ранейшаму робіць магчымым суб’ектыўны падыход да персанальнага складу гэтых камісій; Пастанова ЦВК № 18 на практыцы не паспрыяла большаму палітычнаму плюралізму: як і падчас папярэдніх выбараў пры фарміраванні ТВК і АВК перавага аддаецца прадстаўнікам праўладных палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў;  

– доля прадстаўнікоў палітычных партый у складзе ТВК і АВК па-ранейшаму застаецца нязначнай (24,2% і 13,6% адпаведна) у параўнанні з доляй прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў (51% і 54,3% адпаведна);

– асноўнымі арганізатарамі выбараў, як і раней, з’яўляюцца прадстаўнікі пяці найбуйнейшых праўладных грамадскіх аб’яднанняў – Белая Русь, БРСМ, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў, ФПБ. Сумарнае іх прадстаўніцтва ў ТВК і АВК склала 40% і 42,3% адпаведна;

– традыцыйна нізкім застаецца працэнт праходнасці ў склад камісій прадстаўнікоў апазіцыйных партый – 31,2 % ад вылучаных у ТВК і 19,4% ад вылучаных у АВК. Агульны працэнт іх прадстаўнікоў у складзе ТВК і АВК нязначны (5,4% і 1,8%). Падчас парламенцкіх выбараў 2012 г. доля прадстаўнікоў апазіцыйных партый у складзе АВК складала 3%, на выбарах 2008 г. – 2,2%;


Каментары