Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Размяшчэнне інфармацыі на афіцыйных інтэрнэт-рэсурсах толькі па-руску гродзенскі праваабаронца лічыць дыскрымінацыяй выбаршчыкаў па моўнай прыкмеце

Сайт Гродзенскага аблвыканкаму
Сайт Гродзенскага аблвыканкаму

Гродзенскі праваабаронца і назіральнік па Гродзенскай-Ленінскай акрузе №52 на гэтых выбарах Віктар Сазонаў звярнуўся у ЦВК з заявай пра недапушчальнасць моўнай дыскрымінацыі на выбарах, якая вынікае з працы інтэрнэт-рэсурсаў Гродзенскіх гарадскога і абласнога выканкамаў. Гэтыя афіцыйныя сайты, на яго думку, парушаюць Пастанову Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў № 22 ад 8 чэрвеня 2016 г. “Аб інфармаванні грамадзян па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання”.

   Дадзенай пастановай прадугледжана, што ў перыяд падрыхтоўкі і праведзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў інфармацыя пра ход выбарчай кампаніі размяшчаецца на афіцыйных сайтах выканаўчых камітэтаў у спецыяльнай рубрыцы “Выбары 2016”. Банер вышэйназванай рубрыкі размяшчаецца на афіцыйнай старонцы інтэрнэт-сайта выканаўчага камітэта.

   Такія банеры сапраўды існуюць, але толькі на рускамоўных версіях гэтых сайтаў. На беларускамоўных версіях яго проста няма. Ён не з’явіўся нават пасля таго, як на гэты факт была звернутая увага праз СМІ.

   Праваабаронца лічыць, што беларускамоўны наведвальнік гэтых рэсурсаў, лагічна мяркуючы, што рускамоўная і беларускамоўныя версіі сайтаў аналагічныя, проста не атрымлівае аніякай інфармацыі пра выбары. А значыць і не можа ў поўным аб’ёме атрымліваць інфармацыю пра выбарчую кампанію, якая ўжо пачалася.

   Назіральнік таксама звяртае ўвагу на тое, што, выконваючы свае абавязкі і аналізуючы ход выбарчай кампаніі, увесь час карыстаецца згаданымі інтэрнэт-рэсурсамі, і яму як беларускамоўнаму чалавеку, як і іншым беларускамоўным, на беларускамоўных версіях гэтых рэсурсаў не падаецца аніякай інфармацыі. Што, безумоўна, абцяжарвае яго працу.

   Гэтую інфармацыю можна атрымаць толькі на рускамоўных версіях і на рускай мове. Падобную сітуацыю Віктар Сазонаў разглядае як не толькі невыкананне пастановы ЦВК, але і як дыскрымінацыю выбаршчыкаў па моўнай прыкмеце.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары