Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Шклоў, Крычаў, Слуцк, Салігорск, Баранавічы, Слонім, Бяроза, Барысаў: рэгіёны розныя , а камісіі сфармаваны з аднолькавымі падыходамі

У Шклове акруговую камісію узначаліў камуніст

На малой радзіме кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі ў Шклове 29 чэрвеня адбылося пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі №90, на якім было абранае яе кіраўніцтва.

Старшынёй камісіі стаў вылучэнец ад Камуністычнай партыі Беларусі Аляксандр Гурынаў. Аляксандр Рыгоравіч працуе старшынёй раённай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі, а таксама з’яўляецца сакратаром Шклоўскай раённай арганізацыі КПБ. Аляксандр Гурынаў узначальваў Шклоўскую раённую выбарчую камісію падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, як вылучэнец ад КПБ ён працаваў у складзе акруговай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі №90 на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у 2012 годзе.

Намеснікам старшыні камісіі абраная вылучэнка ад Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Галіна Марфель. На працягу ўжо шмат год Галіна Уладзіміраўна працуе дырэктарам УА “Шклоўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй №12”. На парламенціх выбарах 2012 года Галіна Марфель уваходзіла ў склад акруговай камісіі ў якасці вылучэнкі ад гэтага працоўнага калектыва, падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года яна таксама працавала намеснікам старшыні ў складзе Шклоўскай раённай выбарчай камісіі, але ўжо як вылучэнка ад раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”.

Сакратаром акруговай камісіі будзе працаваць Алена Пекерт, якая была вылучаная ў яе склад ад Рэспубліканскага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Як вылучэнка ад гэтага ж прафсаза Алена Пекерт працавала і ў раённай выбарчай камісіі падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Алена Пекерт працуе ў Шклоўскім райвыканкаме начальнікам аддзела арганізацыйна-кадравай работы.

Неабходна адзначыць, што шэсць з трынаццаці членаў акруговай выбарчай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі №90 працавалі ў складзе аналагічнай камісіі ў 2012 годзе, іншыя яе чальцы былі ўдзельнікамі выбарчых камісій падчас прэзідэнцкіх і мясцовых выбараў.

Соймам Руха БНФ “Адраджэнне” у склад акруговай выбарчай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі №90 вылучаўся кандыдат эканамічных навук з Шклоўскага раёна Пётр Мігурскі. Аднак, нягледзячы на тое, што Пётр Мігурскі ўжо мае досвед працы ў складзе акруговай выбарчай камісіі, без усялякага тлумачэння прычын яго вылучэнне на сумесным пасяджэнні Магілёўскага аблвыканкама і прэзідыўма Магілёўскага аблсавета 27 чэрвеня чыноўнікі чамусьці не падтрымалі.

Магчыма, гэта адбылося таму, што падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2008 годзе сябар акруговай камісіі ад Руху БНФ Пётр Мігурскі выявіў шматлікія парушэнні, у прыватнасці, той факт, што ўчастковыя камісіі здаюць у акруговую незапоўненыя бланкі выніковых пратаколаў участковых камісій, падпісаныя ўсімі іх членамі. Гэтыя бланкі, у прыватнасці, па Гарадцу і Александрыі, тады былі прадэманстраваны журналістам і міжнародным назіральнікам.

У Крычаве першае пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі прайшло без удзелу прадстаўнікоў грамадскасці

28 чэрвеня ў Крычаве адбылося арганізацыйнае пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Крычаўскай выбарчай акругі №83. Прадстаўнікі грамадскасці на пасяджэнне камісіі патрапіць не здолелі, бо не змаглі даведацца пра час і месца яго правядзення.

Рэдактар крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны кажа, што 28 чэрвеня на працягу дня ён неаднаразова тэлефанаваў начальніку аддзела арганізацыйна-кадравай работы Крычаўскага райвыканкама Міхаілу Мешкура, аднак ніхто на яго тэлефанаванні не адказваў, трубку проста не здымалі. Пра тое, што пасяджэнне камісіі ўсё ж, нібыта, адбылося, Сяргей Няроўны даведаўся толькі на наступны дзень.

Па словах журналіста, склад акруговай выбарчай камісіі Крычаўскай  выбарчай камісіі №83 у асноўным увайшлі людзі, якія раней ужо працавалі ў розных выбарчых камісіях. Шмат хто з іх працуе ў райвыканкамаўскіх структурах альбо з’яўляецца кіраўнікамі розных рангаў.

Старшынёй акруговай выбарчай камісіі Крычаўскай выбарчай акругі №83 абраная вылучэнка ГА “Беларускі фонд міра” Алена Здановіч, якая працуе дырэктарам Дома быту ў Крычаве. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года спадарыня Здановіч таксама працавала ў выбарчай камісіі, толькі ў якасці вылучэнкі ад РГА “Белая Русь”.

Намеснікам старшыні акруговай камісіі ў Крычаве стаў вылучэнец шляхам падачы заявы грамадзян, ён жа начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела Крычаўскага райвыканкама Міхаіл Мяшкура. Сакратаром камісіі ў Крычаве абраная яшчэ адна райвыканамаўская чыноўніца, спецыяліст аддзела па зваротах грамадзян Наталля Ткачэнка. Наталля Уладзіміраўна вылучалася ў склад камісіі ад РГА “Белая Русь”, у 2015 годзе – ад прафсаюза працаўнікоў дзяржаўных і іншых устаноў, раней яна працавала  ў аддзеле ідэалогіі Крычаўскага райвыканкама.

У склад акруговай выбарчай камісіі Крычаўскай выбарчай акругі №83 соймам ГА БНФ “Адраджэнне” вылучалася жыхарка Крычава Надзея Іванова, аднак па невядомых прычынах Надзею Іванаўну ў камісію не ўключылі, аддаўшы перавагу прадстаўнікам ад разнастайных праўладных арганізацый.

У выбаркамах Салігоршчыны і Случчыны зноўку чыноўнікі і правераныя кадры

Пад выглядам прадстаўнікоў грамадскіх аб’яданняў і вылучэнцаў ад грамадзян у склад акруговых выбарчых камісій Салігоршчыны і Случчыны былі ўключаны чыноўнікі мясцовых выканамаў. Кіруючы склад усіх акруговых выбаркамаў рэгіёна быў сфармаваны з правераных кадраў.

Акруговую камісію Салігорскай гарадской выбарчай акругі №68 узначаліла Святлана Радзюк, якая ўзначальвала акруговы выбаркам падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў. У 2008 годзе яна вылучалася ў акруговую камісію ад выканкаму, у 2010 годзе прадстаўляла прафсаюз работнікаў дзяржаўных установаў, гэтым разам накіраваная грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз жанчын”. Намеснікам старшыні акруговай камісіі абраны Анатоль Махлай, накіраваны ў склад камісіі ад “Белай Русі”. Спадар Махлай з’яўляецца галоўным ідэолага калійнага гіганта ААТ “Беларуськалій” і лічыцца шэрым кардыналам усіх выбараў у Салігорскім раёне. Год ад году змяняюцца старышні і сакратары ў акруговвых выбаркамах Салігоршчыны, адбываецца пэўная ратацыя шараговых сяброў камісій, але пасаду намесніка старшыні акруговага выбаркаму штораз займае Анатоль Махлай. Сакратаром камісіі стала Жана Ставер, фармальна вылучаная ад грамадзян шляхам падачы заявы, якая насамрэч з’яўляецца спецыялістам аддзела адукацыі Салігорскага райвыканкаму. Сярод іншых чыноўнікаў у склад камісіі патрапіў Юры Чухроў - дырэктар гарадскога УКБ, Яўгенія Сямак - юрыст райвыканкаму, Ганна Носава - спецыялист аддела культуры, Святлана Вярыга - эканаміст аддзела адукацыі. Ёсць у складзе камісіі і двы былых намесніка старшыні райвыканкаму Алякснадр Лазука і Ірына Зубарэвіч. Зрэшты, гэта як раз той выпадак, калі дарэчы сказаць, што былых чыноўнікаў не бывае.

Аналагічны малюнак можна назіраць у акруговых камісіях Салігорскай сельскай выбарчай акругі №69 і Слуцкай выбарчай акругі №67. Першую ўзначаліла Ганна Ермалінская, дырэктарка салігорскай гімназіі №1, якую ўжо можна называць ганаровай старшынёй выбарчых камісій рознага ўзроўню. Былая кіраўніца аддзела адукацыі Салігорскага райвыканкаму вядомая сваім непасрэдным удзелам у  вылючэнні са школы вядомага маладафронтаўца Івана Шылы ў 2008 годзе. Слуцкую выбарчую акругу ўжо трэція выбары запар узначальвае кіраўнік дзяржаўнага прадпрыемтсва “Аграсэрвіс” і старшыня мясцовай арганізацыі “Белая Русь” Андрэй Кунцэвіч. Ягоным намеснікам абраны дырэктар слуцкай філіі іншага дзяржпрадпрыемства “Мінаблпаліва” Аляксандр Андрушкевіч, які з 1994 па 2014 год з’яўляўся нязменным старшынём акруговай камісіі на выбырах усіх узроўняў.

Баранавічы: кіраўнікі камісій – з вопытам

У Баранавіцкіх выбарчых акруговых камісіях Заходняй №5 і Усходняй №6 акругаў абраны кіраўнікі. Старшыня камісіі Заходняй акругі №5 Таццяна Латышава – начальнік упраўлення па працы і занятасці Баранавіцкага райвыканкама -  чалавек з вопытам. Яна старшынствавала ў камісіі на мінулых парламенцкіх выбарах у 2012 г., а таксама ўзначальвала тэрыятарыяльную камісію на прэзідэнцкіх у 2015. У гэтай камісіі, акрамя спн. Латышавай, яшчэ 5 чалавек са “старога спісу”, адзначыў назіральнік ад БХК Сяргей Гоўша. Гэта Анатоль Багданкевіч, Віктар Бухман, Аляксандр Купцэвіч  і Галіна Шпак. Па словах Гоўшы, выклікаў непаразуменне той факт, што акруговая камісія, якая  месціцца ў райвыканкаме, першае паседжанне правяла ў гарвыканкаме.

У акруговай камісіі Усходняй акругі №6 у кіраўніцтве -- былыя і цяперашнія супрацоўнікі гарвыканкама. Так, намеснік старшыні камісіі пенсіянерка Ларыса Антонава працавала ў моладзевым сектары гарвыканкама, а сакратар камісіі Святлана Косач працуе ў арганізацыйным аддзеле.

Слонім: старшыня і сакратар камісіі – людзі “са стажам”

Адбылося першае пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Слонімскай выбарчай акругі № 58 па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Старшынёй камісіі абраны кіраўнік справамі Слонімскага райвыканкама Алена Мачаліна. Дарэчы, спадарыня Мачаліна ўжо 13 гадоў узначальвае камісіі на розных выбарах, ажно з 2003 года. А яе сакратаром столькі ж гадоў абіраецца Соф’я Гурская, вылучаная сёлета грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь”.

Цікава,  што ад улады, наколькі гэта вядома з неафіцыйных крыніц, будзе балатавацца сённяшні старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі, непасрэдны начальнік кіраўніка камісіі.

У акруговай выбарчай камісіі сёлета з 13 чалавек – 9 тых асобаў, якія былі ў камісіі ў 2012 годзе.

Бяроза: кіраваць камісіяй будуць шматвопытныя чыноўнікі

У Бярозе адбылося першае паседжанне акруговай камісіі №9, старшынёй якой на безальтэрнатыўнай аснове быў абраны па прапанове старшыні Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта Леаніда Мартынюка дырэктар Бярозаўскага будаўнічага ліцэя, былы работнік райвыканкама Аляксандр Неліповіч. Старшыня райвыканкама ахарактэрызаваў Неліповіча як чалавека шматвопытнага падчас выбарчых кампаній і менавіта ў ролі старшыні розных камісій. Неаднойчы Неліповіч быў старшынёю раённай камісіі і намеснікам старшыні. Намеснікам, па прапанове Неліповіча, стаў намеснік начальніка ідэалагічнага аддзела райвыканкама Аляксандр Крагель.

Сакратаром бяззменна выбіраецца вядучы спецыяліст аддзелу арганізацыйна-кадравай працы выканкаму Алена Муратава.

Трэба адзначыць, што гэтае кіраўніцтва было ў Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі пад час выбараў у 2010 г. і ў 2015 таксама.

Пасяджэнне доўжылася 12 хвілін. У сябраў камісіі не было ніякіх іншых прапаноў. Галасавалі адзінагалосна, дружна, таму заслужылі ў канцы пахвалу новага старшыні райвыканкама Леаніда Мартынюка, які пажадаў так зладжана працаваць да 11 верасня.

Барысаў: у камісіях “стабільнасць і нязменнасць” кіраўніцтва

З аналізу складу акруговай выбарчай камісіі Барысаўскай сельскай выбарчай акругі № 63 вынікае, што з 13 яе сябраў 7 чалавек былі сябрамі той жа самай камісіі ў 2012 годзе падчас парламенцкіх выбараў і 5 тых жа чалавек – сябрамі той жа самай камісіі ў 2008 годзе.

Кіраўніцтва акруговай выбарчай камісіі ў 2016 годзе цалкам супадае па складзе з кіраўніцтвам камісіі ў 2012 г: старшыня – Навіцкі Пётр Віктаравіч (ён жа – старшыня Барысаўскага раённага Савету дэпутатаў), намеснік старшыні – Зелянкевіч Мікалай Данілавіч (ён жа – дырэктар ДУА “Ліцэй г. Барысава”), сакратар камісіі – Тарасевіч Таццяна Мікалаеўна.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары