Акруговай камісіяй Быхаўскай выбарчай акругі №81 будуць кіраваць правераныя кадры
28 чэрвеня ў Быхаве адбылося першае пасяджэнне акруговай камісіі Быхаўскай выбарчай акругі №81 па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.
Падчас пасяджэння камісіі было абранае яе кіраўніцтва, вызначана месцазнаходжанне камісіі і час яе працы, вырашаны іншыя арганізацыйныя пытанні.
Як паведамляе інтэрнэт-сайт Быхаўскага райвыканкама, старшынёй акружной камісіі Быхаўскай выбарчай акругі №81 абраны Віктар Агнетаў, яго намеснікам стаў Міхаіл Казлоў, сакратаром камісіі будзе працаваць Таццяна Ермаліцкая. Месца працы і займаемыя кіраўніцтвам акружной камісіі пасады райвыканкамаўскі інтэрнэт-сайт чамусьці ўказаць забыўся.
Па словах былога кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Быхаўскай выбарчай акрузе №81 у 2012 годзе пісьменніка Сяргея Антонава, усе гэтыя людзі неаднаразова ўваходзілі ў склад выбарчых камісій падчас папярэдніх выбарчых кампаній.
Віктар Агнетаў, які накіраваны ў склад акружной выбарчай камісіі ад РГА “Белая Русь”, ужо даволі даўно працуе кіраўніком спраў Быхаўскага райвыканкама. Вылучэнка Рэспубліканскага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Таццяна Ермаліцкая таксама працуе ў Быхаўскім райвыканкаме начальнікам аддзела арганізацыйна-кадравай работы. Намеснік старшыні акружной камісіі Быхаўскай выбарчай акругі №81, вылучэнец Камуністычнай партыі Беларусі Міхаіл Казлоў да выхаду на пенсію ўзначальваў у тым жа Быхаўскім райвыканкаме аддзел адукацыі.
Іншыя чальцы акружной камісіі Быхаўскай выбарчай акругі №81 таксама неаднаразова ўваходзілі ў склад выбарчых камісій розных узроўняў, многія з іх працуюць у разнастайных райвыканкамаўскіх структурах. Так, вылучэнец ГА “БРСМ” Аляксандр Жэлабкевіч узачальвае Быхаўскую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Наталля Брызгалава, якая была вылучана ў склад камісіі шляхам падачы заявы ад выбаршчыкаў, працуе загадчыкам вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Быхаўскага райвыканкама. Яшчэ адна вылучэнка шляхам падачы заявы выбаршчыкаў Таццяна Бабічава працуе кіруючай справамі Слаўгарадскага райвыканкама.
У склад Быхаўскай выбарчай акругі №81 уваходзяць Быхаўскі, Слаўгарадскі, Краснапольскі і Касцюковіцкі раёны. У параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2012 года ў акрузе значна зменшылася колькасць выбаршчыкаў. Калі ў 2012 г. іх налічвалася 62 577, то ў 2016 годзе іх засталося толькі 58 610.
Па папярэдняй інфармацыі, ад дэмакратычных сіл па гэтай выбарчай акрузе плануе вылучыцца кандыдатам у дэпутаты адзін з актывістаў Партыі БНФ.