Бабруйск: у склад акруговых камісій зноў увайшлі чыноўнікі з вопытам
У Бабруйскіх адміністрацыях раёнаў яшчэ 28 чэрвеня раніцай былі праведзены першыя паседжанні акруговых камісій, але інфармацыі пра гэта і праз суткі няма ў адкрытым доступе - на сайтах гарвыканкаму і адміністрацый раёнаў. Сайт Ленінскага раёну паведамляе толькі імёны старшыні, намесніка і сакратара новаўтворанай камісіі. http://bobrlen.gov.by/news/rayon_news/127555.html
Разам з тым, стала вядома, што склад АВК па Ленінскай выбарчай акрузе № 78 не цалкам, але змяніўся, - калі параўноваць з апошнімі выбарамі ў ПП НС, і практычна не змяніўся, калі параўноўваць са складам ТВК на апошніх прэзідэнцкіх выбарах. Спосаб вылучэння сябраў АВК таксама застаўся традыцыйны: ідуць чыноўнікі, падаюцца як прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў.
Напрыклад, сярод сябраў камісіі Ленінскай АВК зноў ёсць Валянціна Афанасенка, якая вылучалася ад Рэспубліканскага прафсаюзу работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Яна працуе начальнікам аддзелу арганізацыйна-кадравай работы Ленінскага раёну і ўжо не аднойчы была сябрам і сакратаром выбарчых камісій. Гэтым разам яна таксама атрымала пасаду сакратара камісіі.
Святлана Бабко - таксама мае вялікі вопыт працы ў ВК, яна вылучалася ад "Беларускага фонду міру", а працуе ў гэтай жа адміністрацыі начальнікам аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі.
Ірына Епіфанава вылучалася ад прафсаюза работнікаў лёгкай прамысловасці, працуе старшынёй прафкаму фабрыкі "Славянка". Яна заняла пасаду старшыні камісіі.
Як і падчас прэзідэнцкіх выбараў, ад Камуністычнай партыі Беларусі вылучалася загадчыца дзіцячым садком №74, дзеючая дэпутатка гарсавету Валянціна Максімава. Таксама мае вопыт працы ў выбарчай камісіі Васіль Краснікаў, ён вылучаўся ад выбаршчыкаў працоўнага калектыву аддзелу адукацыі, спорту і турызму адмінстрацыі Ленінскага раёну. Аляксандр Мельнік таксама уваходзіў у ВК у 2015-м годзе, зараз ён вылучаны ад выбаршчыкаў. Інна Новікава вылучалася ад "Беларускага саюзу жанчын", працуе дырэктаркай тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Валянціна Селязнёва ўваходзіла ў склад ВК і на парламенцкіх, і на прэзідэнцкіх выбарах. Зараз яна вылучалася ад выбаршчыкаў, працуе галоўным спецыялістам прадстаўніцтва «Магілёўскае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва». Яна заняла пасаду намесніцы старышні камісіі.
Наталля Смыслава таксама шмат разоў працавала на выбарах, зараз вылучалася ад "Белай Русі", яна старшыня раённай арганізацыі. З вопытам і Тамара Турцэвіч, яна вылучалася ад Беларускага грамадскага аб'ядання ветэранаў.
З навічкоў - Вячаслаў Рудзянок, вылучаўся ад БРСМ, ён першы сакратар Ленінскага райкаму гэтай арганізацыі. Валянціна Шадзейкіна, сакратарка БРСМ і майстар вытворчага навучання гандлёва-эканамічнага каледжу (і ўдзельніца пятага Усебеларускага народнага сходу), вылучалася ад выбаршчыкаў. Аляксей Янусаў, намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы мастацкай фабрыкі, вылучаўся ад выбаршчыкаў свайго працоўнага калектыву.
Не надта змяніліся твары і ў выбарчай камісіі № 79 Першамайскага раёну. Традыцыйна, тут ёсць Віктар Гарбанёў, ужо шмат год нязменны старшыня камісій, і ён зноў вылучаўся ад грамадзян, працуе дырэктарам будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Зноў у склад камісіі патрапіў і Генадзь Чубуркоў, ён вылучаўся ад "Белай Русі", працуе інжынерам на "Бабруйскаграмашы".
Як і мінулым разам, ад выбаршчыкаў, у камісію вылучылася загадчыца біблітэкай Святлана Бяляк. Зноў у камісіі Таццяна Гаўрыленка, яна вылучалася ад "Беларускага саюзу жанчын". Не ўпершыню ў ВК увайшла і першы сакратар Першамайскага райкама БРСМ Варвара Галеева. Вадзім Кулікоў вылучаўся ад "Беларускага фонду міра", ён неаднойчы ўваходзіў у склад камісій. Аляксандр Адзіночанка вылучаўся ад выбаршчыкаў, а працуе ў адміністрацыі Першамайскага раёну, кіраўніком справамі. Гэты чыноўнік ужо трапляў у камісію на мінулых выбарах, але ад "Белай Русі".
Ларыса Ражкова таксама не навічок ў выбарчых камісіях. Зараз яна вылучалася ад выбаршчыкаў калектыву дзіцячай школы мастацтваў імя Алоўнікава, у якой працуе выкладчыцай. Кацярына Шырокая мае вопыт працы ў якасці сакратаркі камісіі, зараз яна вылучалася ад прафсаюзу работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Таццяна Шчусь працавала на некалькіх апошніх выбарах, яна ўжо традыцыйна вылучалася ад грамадзян.
З навічкоў - Таццяна Жарава, вылучалася ад прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі. Намеснік начальніка СПЦ Першамайскага раёна Віталь Макееўскі, які вылучаўся ад выбаршчыкаў працоўнага калектыву, і Валянціна Міхнавец - ад Беларускага грамадскага аб'ядання ветэранаў.