Кіраваць Брэсцкай абласной выбарчай камісіяй будзе былы намеснік старшыні аблвыканкама
Такое рашэнне было прынята на першым паседжанні новастворанага ў Брэсце абласнога выбаркама падчас сёлетняй кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Для Міхаіла Юхімука (на фота) гэта першы непасрэдны досвед удзелу ў выбарчай кампаніі ў якасці сябра камісіі, аднак раней ён займаў пасаду намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама, а зараз узначальвае абласны прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Шмат гадоў старшынёй абласной выбарчай камісіі ў Брэсцкай вобласці падчас усіх выбарчых кампаній у Беларусі заставаўся Аляксандр Каляда, які спачатку спалучаў гэтую працу, займаючы пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравой работы аблвыканкама, а пазней – кіраўніка абласнога упраўлення фонда сацыяльнай абароны насельніцтва.
Сёлета Аляксандр Каляда не быў вылучаны у склад выбаркаму, а вось ягоная намесніца па ранейшых выбарчых кампаніях – Наталля Грыгор’ева (пенсіянерка, вылучаная ад грамадзян шляхам падачы адпаведанй заявы) захавала сваю пасаду. Сакратаром абласнога выбаркаму, як і летась падчас прэзідэнцкіх выбараў, засталася вылучэнка ад БРСМ Алена Шамкуць.
Увогуле Брэсцкая абласная выбарчая камісія складаецца з трынаццаці чалавек (было пададзена 22 заяўкі), якія прадстаўляюць чатыры палітычныя партыі (Камуністычная партыя Беларусі, Партыя БНФ, Ліберальна-дэмакратычная партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці), шэраг грамадскіх аб'яднанняў (“Беларускі Чырвоны Крыж”, “Белая Русь”, БРСМ, “Беларускі саюз афіцэраў”), а таксама працоўныя калектывы альбо грамадзян, паводле іх заяў.