Камуніст Сяргей Хільман абраны старшынёй Мінскай гарадской камісіі
На першым паседжанні Мінскай гарадской выбарчай камісіі, якое адбылося ўвечары 28 чэрвеня, былі абраныя асобы на кіруючыя пасады. Так, старшынёй стаў былы намеснік міністра інфармацыі, а зараз дырэктар ДП “Мінскрэклама” і сябра Камуністычнай партыі Сяргей Хільман, пасаду яго намесніка заняла Таццяна Краўчанка – старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ГА “Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў”. У папярэднія парламецкія выбары Таццяна Краўчанка ўваходзіла ў Грушаўскую акруговую камісію г. Мінска. Абавязкі сакратара камісіі пад час выбараў будзе выконваць начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы Мінгарвыканкама Арцём Цуран.
Мінская гарадская выбарчая камісія будзе дзейнічаць упершыню, згодна арт. 39 прым. 1 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Пад час папярэдніх парламенцкіх выбараў у Мінску працавалі толькі акруговыя выбарчыя камісіі.
Плануецца, што прыём грамадзянаў будзе адбывацца кожны дзень, акрамя нядзелі, пачынаючы з 29 чэрвеня, у кабінеце 108 будунка Мінгарвыканкама.
Нагадаем, 27 чэрвеня была сфарміравана Мінская гарадская выбарчая камісія, у склад якой увайшлі чатыры прадстаўнікі ад партый, восемь вылучэнцаў ад грамадскіх арганізацый і адзін – ад грамадзянаў шляхам падачы заявы.