Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бяроза: грамадзяне абскарджваюць неўключэнне Тамары Шчапёткінай у акруговую камісію

Грамадзяне, якія накіравалі Тамару Шчапёткіну ў склад акруговай камісіі Бярозаўскай акругі №9 па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, не пагадзіліся з яе неўключэннем у сябры камісіі і накіравалі скаргу ў Брэсцкі абласны суд.

Грамадзяне лічаць рашэнне сумеснага пасяджэння прэзідыюма Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў і Брэсцкага аблвыканкаму ад 27.06.2016 г. па стварэнню акруговай камісіі Бярозаўскай выбарчай акругі № 9 неправамерным, якое ушчамляе канстытуцыйныя правы заяўнікаў.

Спн. Т. Шчапёткіна была вылучаная ў склад акруговай выбарчай камісіі ад грамадзянаў шляхам падачы заявы. Заява своечасова была зарэгістраваная ў Брэсцкім аблвыканкаме.

Спн. Т. Шчапёткіна мае вялікі вопыт — была дэпутам Белаазёрскага гарадскога Савета дэпутатаў Бярозаўскага раёну, неаднаразова была назіральніцаю за правядзеннем выбараў ва ўчастковых, акруговых і раённых выбарчых камісіях, неаднаразова прымала ўдзел у місіях міжнароднага назірання падчас выбараў ва Украіне і Грузіі.

У адпаведнасці з ч. 4 п. 6 Пастановы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 8 чэрвеня 2016 г. №18 "Пра тлумачэнне прымянення палажэнняў Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусі, якія прадугледжваюць парадак утварэння выбарчых камісіяў пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі шостага склікання» ЦВК абавязвае прэзідыум Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў і Брэсцкі абласны выканкам перад прыняццем рашэння пра фарміраванне выбарчай камісіі вынесці на абмеркаванне пытанне пра дзелавыя і палітычныя якасці асобаў, якіх вылучылі ў склад камісіі, а калі колькасць прэтэндэнтаў у склад выбарчай камісіі перавышае колькасць прадугледжаных членаў камісіі, заслухаць інфармацыю па кожнай кандыдатуры і правесці персанальнае галасаванне. 

У склад акруговай выбарчай камісіі Бярозаўскай выбарчай акругі № 9 былі пададзеныя 20 заяваў пра вылучэнне, а камісія сфармаваная з 13 сябраў. 

У парушэнне патрабаванняў ЦВК на пасяджэнні прэзідыума Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў і Брэсцкага абласнога выканкаму інфармацыя па кожнай вылучанай кандыдатуры публічна не давалася, а персанальнае галасаванне не праводзілася. Абмяркоўваліся толькі 13 кандыдатур, прапанаваных у склад акруговай выбарчай камісіі Бярозаўскай выбарчай акругі № 9 рабочай групай, створанай Бярозаўскім райвыканкамам, якія і былі ўключаныя ў склад камісіі. 

Такім чынам, органамі, якія ўтвараюць камісію, дапушчана парушэнне заканадаўства. 

Заяўнікі просяць прызнаць неўключэнне  ў склад акруговай выбарчай камісіі Бярозаўскай акругі №9  Тамары Шчапёткінай неправамерным і абавязаць прэзідыум Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў і Брэсцкі аблвыканкам прыняць новае рашэнне па змяненню складу акруговай камісіі з уключэннем у яе склад спн. Шчапёткінай.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары