Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Брэсцкая вобласць: для пікетаў па зборы подпісаў – розныя ўмовы ў розных раёнах

Брэсцкі гарвыканкам пакуль не паведамляе пра месцы, дзе забаронена ладзіць пікеты для збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Адпаведнае рашэнне мясцовыя выканаўчыя органы мусілі прыняць не пазней за 27 чэрвеня, аднак пакуль невядома, ці яно прынятае ўладамі Брэста, бо згаданая інфармацыя адсутнічае і на сайце гарвыканкама, і на інтэрнэт-старонцы афіцыйнага выдання - газеты “Брестский вестник”.

Аналагічных звестак пра рашэнні, якія тычацца месцаў, дзе забараняецца праводзіць пікеты для збору подпісаў, дагэтуль няма таксама на сайтах Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Жабінкоўскага, Маларыцкага раёнаў.

На інтэрнэт-старонках астатніх гарадскіх і раённых выканкамаў Брэсцкай вобласці такая інфармацыя ёсць, і з яе можна рабіць выснову, што ўмовы для правядзення пікетаў у розных рэгіёнах таксама адрозніваюцца. Напрыклад, на Століншчыне вырашылі асобным пунктам забараніць збор подпісаў на адлегласці бліжэй за 50 метраў не толькі ад будынкаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, суда, пракуратуры, аддзела ўнутраных спраў, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва (гэтыя абмежаванні ёсць і ў іншых раёнах), але і ад аўтамабільных заправачных станцый. У сваю чаргу Пінскі гарвыканкам распаўсюдзіў забарону на збор подпісаў на памяшканні ўсіх прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, а Бярозаўскі райвыканкам – адмыслова ўзгадаў у сваім рашэнні цэнтральныя плошчы Бярозы і Белаазёрска, дзе пікетаваць нельга.  

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары