Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Самыя спрыяльныя ўмовы для збору подпісаў на пікетах у Віцебскай вобласці зацвердзіў Міёрскі райвыканкам

Адпаведнае рашэнне мясцовых органаў улады  ўтрымлівае мінімум забаронаў у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Віцебшчыны.

Паводле рашэння №492 ад 24 чэрвеня 2016г. , размешчанага на афіцыйным  сайце Міёрскага райвыканкама пад рубрыкай “Выбары”,  пікеты па зборы подпісаў нельга ладзіць толькі на тэрыторыях “установаў адукацыі” і “арганізацый аховы здароўя”. У параўннанні з іншымі рэгіёнамі, дзе забаронена ладзіць пікеты на чыгуначных і аўтастанцыях, бліжэй чым  у 20-ці, а то і ў 50-ці метрах ад выканкамаў, судоў, міліцыі і райаддзелаў МНС, рашэнне Міёрскіх уладаў надзвычай дэмакратычнае.

Рашэнні ж іншых выканкамаў напісаны нібыта “пад капірку” і паўтараюць адны і тыя самыя забароны. Апрача, хіба што, Шаркоўшчынскага раёну: там пікеты забаронена ладзіць  яшчэ і ў цэнтральным гарадскім скверы…

Вызначыць месцы, дзе забаронена ладзіць пікеты, мясцовыя ўлады мусілі да 27 чэрвеня.  Адпаведныя рашэнні выканкамаў на Віцебшчыне датуюцца пераважна 24-м чэрвеня. Аднак дагэтуль незразумела, ці прынялі такое рашэнне адміністрацыі трох раёнаў абласнога цэнтра: на сайтах гарвыканкаму і аблвыканкаму пра месцы, дзе забаронена  збіраць подпісы, няма ніякіх звестак.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары