Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Кіраўніцтва Магілёўскай абласной выбарчай камісіі не змянілася

Валерый Берастаў, старшыня Магілёўскай абласной выбарчай камісіі
Валерый Берастаў, старшыня Магілёўскай абласной выбарчай камісіі

Кіраўніком Магілёўскай абласной камісіі па выбарах у парламент 28 чэрвеня ў чарговы раз абраны начальнік Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Магілёўскай вобласці Валерый Берастаў.

Нагадаем, што 27 чэрвеня ў Магілёве былі ўтвораны 13 акруговых і адна абласная камісіі. Прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі не былі ўключаныя ў іх склад. Стварэнне камісій праходзіла без абмеркавання вылучаных кандыдатур і галасавання па кожнай персаналіі.

Першае арганізацыйнае пасяджэнне абласной выбарчай камісіі адбылося сёння ў 10.00. Інфармацыя пра тое, што яно прызначанае, з'явілася на сайце Магілёўскага аблвыканкама ў 8.21. Сёння раніцай на пасяджанне быў запрошаны магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель. На яго думку, цяперашнія члены камісіі яшчэ ўчора ведалі, што будуць абраныя.

"Агульнае ўражанне - спектакль. Правялі ўсе падазрона хутка. Бо людзей яшчэ з раёнаў сабраць трэба. А людзі ўсё занятыя. Каб яны загадзя спланавалі, іх трэба загадзя паведаміць. Значыць, яны загадзя ведалі, што іх абяруць. Учора а 18-й вечара скончылася паседжанне па фармаванні камісіі, а ў 10 раніцы ўжо ўсіх збіраюць ", - сказаў Бухель.

Паводле паведамлення на сайце Магілёўскага аблвыканкама, намеснікам старшыні камісіі абраны начальнік абласнога аддзела арганізацыйна-кадравай работы Аляксей Лаўранёнак, а сакратаром - пенсіянерка, раней - галоўны спецыяліст абласнога аддзела арганізацыйна-кадравай работы, Людміла Макаранка. Абодва яны працавалі ў абласной камісіі на дадзеных пасадах падчас шэрагу папярэдніх выбарчых кампаній.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары