У Мінскую гарадскую камісію ўвайшлі два апазіцыйныя вылучэнцы
У выніку паседжання 27 чэрвеня прэзідыума Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Мінгарвыканкама было выдадзена рашэнне аб стварэнні Мінскай гарадской і акруговых выбарчых камісій у Мінску.
З 20 вылучаных кандыдатаў у склад Мінскай гарадской камісіі было адабрана 13 чалавек, у лік якіх патрапілі па аднаму прадстаўніку ад Партыі БНФ і Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” – Дзмітрый Каспяровіч і Вера Пракашэва адпаведна. Цікава, што ў склад уключаны і сам начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы Мінгарвыканкама Арцём Цуран, які быў вылучаны ад грамадзянаў.
Акрамя таго ў склад камісіі патрапілі яшчэ два партыйцы - ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці і Камуністычнай партыі Беларусі, восемь прадстаўнікоў ад грамадскіх аб’яднанняў.
У Мінскай гарадской камісіі захаваны адносна гендерны баланс – семь мужчын і шэсць жанчын. А вось у акруговых камісіях жанчын налічваецца больш за мужчын у 1,6 разоў – 160 і 100 адпаведна.
У склад акруговых выбарчых камісій увайшлі 75 прадстаўнікоў ад палітычных партый, 165 прадстаўнікоў ад іншых грамадскіх аб'яднанняў, 4 прадстаўнікі ад працоўных калектываў і 16 чалавек ад грамадзянаў шляхам падачы заяў.
Варта адзначыць, што ў склад акруговых камісій увайшлі пяць чалавек з Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” і адзін з грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэнне".
У кожнай акруговай і Мінскай гарадской камісіі прысутнічае па аднаму прадстаўніку ад Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь». І толькі ў трох акруговых камісіях адсутнічаюць вылучэнцы грамадскага аб'яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.