На 8 з 17 сайтаў выканкамаў Гродзеншчыны да гэтага часу няма рашэнняў аб вызначэнні месцаў, забароненых для пікетаў па зборы подпісаў
На сайтах Слонімскага, Мастоўскага, Іўеўскага, Ашмянскага, Смаргонскага, Бераставіцкага, Свіслацкага і Гродзенскага райгарвыканкамаў да сённяшняга дня адсутнічаюць рашэнні райвыканкамаў аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікітавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Усе астатнія сайты райвыканкамаў Гродзеншчыны іх апублікавалі. Цікава тое, што ў Ваўкавыскім раёне пікеты можна будзе праводзіць усюды і нават побач з будынкамі выканаўчых і распараджальных органаў улады, на тэрыторыі ўстаноў адукацыі і медыцыны, а таксама на вакзалах, чаго нельга рабіць у іншых райцэнтрах. У Ваўкавыску пікеты нельга будзе праводзіць толькі на пешаходным мосце праз чыгунку ў раёне станцыі Ваўкавыск-горад, на пуцеправодах па вуліцах Ракасоўскага, Жолудзева, 129 Арлоўскай дывізіі, што лічыцца небяспечным для жыцця і здароўя людзей.
А ў Воранаўскім раёне пікеты нельга праводзіць не толькі каля ўсіх вышэй пералічаных месцаў, але і забараняецца збіраць подпісы каля суда і пракуратуры.