У выбарчыя акруговыя камісіі Віцебшчыны трапілі ўсяго 4 вылучэнцы ад дэмакратычных сілаў
У абласную выбарчую камісію ніводзін апазіцыянер не трапіў, хаця сваіх прадстаўнікоў вылучалі і Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”, і Партыя БНФ, і Праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне ”Рух ”За Свабоду“, і Грамадскае аб’яднанне БНФ ”Адраджэньне“.
Колькасць прэтэндэнтаў на тое, каб увайсці ў абласную выбарчую камісію – 21 чалавек. Падчас сённяшняга супольнага пасяджэння прэзідуюма Віцебскага абласнога савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкама шляхам рэйтынгавага галасавання былі “адсеяны” прадстаўнік Руху “За Свабоду” Леанід Гаравы, прадстаўнік Партыі БНФ Канстанцін Смолікаў, Мікалай Дзямідаў, прадстаўнік Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, Тамара Карызна, якую вылучыла Грамадскае аб’яднанне БНФ ”Адраджэньне“, і праваабаронца Павел Левінаў, вылучаны групай грамадзянаў.
“Рэйтынгавае галасаванне – калі галасуюць за кожнага прэтэндэнта па чарзе, і ў камісію ўключаюць таго, хто набраў большую колькасць галасоў. За “патрэбных людзей” галасавалі аднагалосна. Падчас фармавання абласной камісіі супраць мяне прагаласавалі 20 чалавек з 23-х, а падчас фармавання акруговай - 19. Нібыта я здолеў камусьці "спадабацца" за той час, які прайшоў паміж двума этапамі! Усе выглядала як добра пастаўлена спектакль”, - гаворыць праваабаронца, які не трапіў ні ў абласную выбарчую камісію, ні ў камісію Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі №18.
На працу ў той самай камісіі прэтэндавалі таксама і прадстаўнікі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, і Партыі БНФ, і Праваабаронча-асветніцка- грамадскага аб’яднання ”Рух ”За Свабоду“, і Грамадскага аб’яднання БНФ ”Адраджэньне“. Не трапіў з іх ніводзін – як і ў пераважную большасць іншых акруговых камісій.
У складзе ўсяго 4-х камісій з 14-ці будуць працаваць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. У склад камісіі Пастаўскай выбарчай акругі №29 уключылі Міхаіла Гіля – прэтэндэнта ад ад праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання Рух ”За Свабоду“, у склад камісіі Лепельскай выбарчай акругі №23 уключылі Георгія Станкевіча – прадстаўніка таксама праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання ”Рух ”За Свабоду“ , у склад Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі № 19 уключылі Андрэя Андрэева, які вылучаўся і ад групы грамадзянаў, і ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, а ў склад Віцебскай-Горкаўскай акругі №17 уключылі Галіну Магучую, прадстаўніцу Партыі БНФ.
Аляксей Гаўруцікаў, які каардынаваў вылучэнне прэтэндэнтаў ад Руха “За Свабоду”, і сам не трапіў склад Сенненскай акруговай выбарчай камісіі №30, распавядае пра працэс фармавання камісій так:
“Кіраўнікам партый або грамадскіх утварнняў сёлета далі па 3 хвіліны, каб яны ахарактарызавалі для прысутных сваіх прэтэндэнтаў. Ад Руха “За Свабоду” па вобласці вылучалася 15 чалавек. Скажыце, шо можна паспець сказаць пра кожнага за 10-15 секунд? Хіба толькі назваць імя. Таму я вырашыў расказаць хаця б пра трох. Але больш-менш падрабязна. Аднаго з іх, Міхаіла Гіля, узялі ў камісію, аднак гэта – не заслуга майго красамоўства. Усё было вырашана загадзя, таму прыйшло хутка і гладка, без “сюрпрызаў”.
У склад 14 акруговых выбарчых камісіяў ў Віцебскай вобласці былі вылучаны 263 чалавекі. З іх 45 прадстаўнікоў палітычных партый ( у тым ліку 8 прадстаўнікоў Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, 7 – ад Партыі БНФ). Дакументы падалі 13 вылучэнцаў ад працоўных калектываў , яшчэ 89 чалавек вылучылі грамадзяне шляхам падачы заяваў. У акруговыя камісіі былі вылучаны 116 прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, прычым ГА “Белая Русь” і БРСМ вылучылі па 14 сваіх сябраў – па адным у кожную з 14 камісій. Найбольшую колькасць прадстаўнікоў вылучыла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі – 32 чалавекі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”