Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Улады Магілёўскай вобласці не ўключылі прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі ў склад выбаркамаў

Тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі на Магілёўшчыне складзены ў асноўным з прадстаўнікоў праўладных арганізацый.

У Магілеўскай вобласці былі ўтвораны 13 акруговых і абласная камісіі. У самым пачатку пасяджэння члены Магілёўскага аблвыканкама і прэзідыума Магілёўскага савет дэпутатаў пагадзіліся з тым, каб у камісіі ўвайшло максімальна магчымая колькасць - па 13 чалавек. 

З пададзеных 296 дакументаў аб вылучэнні прэтэнддээнтаў рабочая група аблвыканкама, якая займалася адборам прэтэндэнтаў, зарэгістравала 286. Найбольшая колькасць заявак была пададзена на сяброўства ў абласную камісію - 26. У акруговыя камісіі колькасць прэтэндэнтаў вагалася ад 18 да 22 чалавек.

Пасля таго, як старшыня рабочай групы, начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Генадзь Герасіменка зачытаў прозвішчы кандыдатур, прапанаваных у склад абласной камісіі, слова папрасіў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель. Ён вылучаўся ў склад аблвыбаркама шляхам збору подпісаў, аднак не быў прапанаваны рабочай групай. Бухель, спасылаючыся на рашэнне ЦВК, папрасіў растлумачыць па кожнай персаналіі прычыну ўключэння ці неўключэння ў склад камісіі. 

Старшынствуючы на пасяджэнні кіраўнік абласной вертыкалі Уладзімір Даманеўскі прапанаваў Бухелю звярнуцца з гэтым пытаннем да рабочай групы пасля пасяджэння, запэўніўшы праваабаронцу, што яму адкажуць на ўсе пытанні па дадзенай тэме. Члены аблвыканкама і прэзідыума аблсавета дэпутатаў падтрымалі прапанову старшыні.

Галасаванне праходзіла спісамі па кожнай камісіі. Ні ў адну акруговую камісію вылучаныя апазіцыяй прадстаўнікі не ўвайшлі. У той жа час у кожнай камісіі, за адзінкавымі выключэннямі, будуць працаваць члены БРСМ, "Белай Русі", Беларускага саюзу жанчын, ветэранскай арганізацыі. Таксама ў камісіях прадстаўлены члены КПБ, Партыі працы і справядлівасці, арганізацыі воінаў-афганцаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары