Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Гродзеншчына: з вылучаных 14 прэтэндэнтаў ад дэмакратычных партый у камісіі ўключаны 5

   У Гродне адбылося сумеснае паседжанне Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэту і прэзідуюма абласнога Савета па фармаванні тэрытарыяльнай і акруговых выбарчых камісій. Як паведаміў назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага камітэта Раман Юргель, на пачатку начальнік Галоўнага ўпраўлення арганізацыйнна-кадравай работы Гродзенскага аблвыканкаму Сяргей Пацэвіч назваў крытэры адбору прэтэндэнтаў: досвед працы ў выбарчых камісіях, вывучэнне асабістых справаў і станоўчыя характарыстыкі з месца працы. Што датычыць прадстаўнікоў дэмпартый, то таксама ўлічваліся характарыстыкі па месцы жыхарства і ад участковых міліцыянтаў. Было падкрэслена, што прадстаўнікі ад БРСМ, “Белай Русі”, Беларускага савету жанчын, Савету ветэранаў, Ветэранаў вайны ў Афганістане з’яўляюцца шматлікімі і масавымі грамадскімі аб’яднаннямі і прадстаўляюць інтарэсы бальшыні грамадзян. Заяўлялася, што прадстаўнік Партыі БНФ Эдвард Дмухоўскі неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці (за ўдзел у грамадскіх акцыях – заўвага “Вясны”) і з’яўляецца беспрацоўным, а прадстаўнік Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Няўключаная ад “Справядлівага свету” жанчына – кухар па прафесіі – характарызавалася Сяргеем Пацэвічам як асоба, што памяняла за 12 гадоў 12 месцаў працы. Астатніх няўключаных ён характарызаваў як асобаў, што не маюць досведу працы ў выбарчых камісіях і рэкамендаваў не ўключаць іх.

   У склад Гродзенскай абласной ТВК было ўключана 13 чалавек з 16 вылучаных. Не былі ўключаны ў ТВК каардынатар кампаніі “Гавары праўду” Дзмітрый Бандарчук, а таксама дзве жанчыны з праўладных арганізацый, якія самі адмовіліся ад вылучэння з прычыны іх удзелу ў працы ініцыятыўных групах будучых кандыдатаў у дэпутаты. 12 членаў створанай ТВК раней працавалі ў абласных, акруговых і ўчастковых камісіях падчас выбараў розных ранейшых гадоў. Яшчэ адзін чалавек быў уключаны ў ТВК упершыню ад ЛДПБ. З іншых партый трапілі ў ТВК прадстаўнікі “Справядлівага свету” і КПБ.

   Не абышлося і без кур’ёзу – ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі дакументы на вылучэнне сваіх прадстаўнікоў у камісіі ў Гродзенскі абласны выканкам не дайшлі.

   Усяго ад дэмакратычных партый з вылучаных 14 чалавек у камісіі ўключана 5: у абласную ТВК Дзмітрый Рыжы ад “Справядлівага свету”, у акруговую выбарчую камісію Гродзенскай-Ленінскай акругі №52 – Яўген Чыгір ад ПБНФ, у Шчучынскую акруговую выбарчую камісію Станіслаў Бокіш – пенсіянер з БСДП Грамада, у акруговую выбарчую камісію Гродзенскай-Цэнтральнай акругі №51 – Святлана Руміна ад “Справядлівага свету”, у Лідскую акруговую выбарчую камісію №55 Аляксандр Уткін, інжынер Лідскай ЦСМ лабараторыі стандартызацыі – ад БПЛ “Справядлівы свет”.

   Паседжанне па фармаванні камісій на гэты раз знешне не мела фармальнага характару. Яно доўжылася ажно 2 гадзіны 10 хвілін, прыгадаем, што раней аналагічныя паседжанні праходзілі ў надзвычай хуткім тэмпе і займалі 15-20 хвілін. 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары