Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Мінгарвыканкам вызначыўся з забароненымі месцамі для пікетавання

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт
Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт 24 чэрвеня вызначыў месцы, забароненыя для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

У параўнанні з мінулымі парламенцкімі выбарамі (2012 год) спіс дапоўніўся некалькімі новымі аб'ектамі. Так, пікетаванне па зборы подпісаў цяпер нельга праводзіць «у падземных пешаходных пераходах, на тэрыторыі плошчы Якуба Коласа, плошчы Дзяржаўнага сцяга».

Аднак, на гэты раз у спіс забароненых месцаў не патрапілі тэрыторыі арганізацый, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, прадпрыемства водна-, цепла- і энэргазабеспячэння, установы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, арганізацыі аховы здароўя). Няма абмежаванняў і па адлегласці пікетаў ад тэрыторыяў ядзерных ўстановак, аб'ектаў, прызначаных для вытворчасці або захоўвання радыёактыўных рэчываў і матэрыялаў, адпрацаваўшых ядзерных матэрыялаў і (або) эксплуатацыйных радыёактыўных адходаў у тым ліку захоўвання ядзерных матэрыялаў, а таксама ад будынкаў, збудаванняў, у якіх знаходзяцца арганізацыі з функцыяй рэдакцый тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама радыётэлевізійных і радыёперадаючых станцый.

Як і раней, ГУУС Мінгарвыканкама будзе прымаць меры па недапушчэнні правядзення пікетавання на аб'ектах метрапалітэна, на тэрыторыях плошчаў Кастрычніцкай, Незалежнасці і Перамогі, на адлегласці менш за 200 метраў ад будынкаў рэзідэнцый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, а таксама на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць і бяспеку дзяржавы.

Збіраць подпісы выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатаў можна з 8 да 22 гадзін.

Рашэнне Мінгарвыканкама ўступае ў сілу з 3 ліпеня і дзейнічае па 1 жніўня 2016 года уключна.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары