Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Партыйцы вылучылі сваіх прэтэндэнтаў у абласныя і акруговыя камісіі. Якім будзе вынік?

Брэсцкая вобласць: у абласную камісію вылучаны прадстаўнікі пяці палітычных партый, у акруговыя -- шасці

У Брэсцкай вобласці ў склад абласной выбарчай камісіі вылучаны 22 прадстаўнікі, пяць з якіх – ад палітычных партый. У прыватнасці, заявы на сваіх вылучэнцаў у гэтую камісію, што ствараецца падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, пададзены ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, Камуністычнай партыі Беларусі, Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Партыі БНФ, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

Акрамя таго, восемь асоб вылучана грамадскімі аб'яднаннямі, сярод якіх “Белая Русь”, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ды іншыя.

У склад акруговых выбарчых камісіяў (у Брэсцкай вобласці іх будзе створана усяго шаснаццаць) вылучана 325 прадстаўнікоў, у тым ліку 46 - палітычнымі партыямі (Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Камуністычная партыя Беларусі, Партыя БНФ, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці), а яшчэ 126 прадстаўнікоў - грамадскімі аб'яднаннямі.

Дэмакратычныя партыі Гродзеншчыны вылучылі ў склад акруговых і абласной камісій 14 чалавек

 Дэмакратычныя партыі і рухі Гарадзеншчыны правялі вылучэнне сваіх прадстаўнікоў у акруговыя і тэрытарыяльную выбарчыя камісіі.

Аб’яднаная Грамадзянская партыя вылучыла Аляксандру Васілевіч у Гродзенскую абласную камісію, Івана Крука – у Смаргонскую акруговую камісію №59, Ежы Грыгенчу – у Гродзенскую-Цэнтральную камісію №51.

Па словах прадстаўнікоў Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, гэтая арганізацыя вылучыла ў камісіі 5 сваіх сябраў – па ўсіх гарадскіх акругах і па Гродзенскай сельскай акрузе №53.

Партыя БНФ вылучыла ў акруговыя камісіі трох сваіх прадстаўнікоў, двух з іх па горадзе Гродна – Эдварда Дмухоўскага ў камісію па Цэнтральнай выбарчай акрузе, Яўгена Чыгіра – па Ленінскай выбарчай акрузе, яшчэ адзін прадстаўнік -- Віктар Яшана -- вылучаны па Слонімскай выбарчай акрузе №58.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) вылучыла свайго прадстаўніка па Шчучынскай выбарчай акрузе №60. Іншая Грамада – БСДГ, якая вылучала сваіх прадстаўнікоў у камісіі ў час ранейшых выбарчых кампаніях, удзелу ў гэтай выбарчай кампаніі не бярэ. Не вылучалі сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі і Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, а таксама Рух “За свабоду”.

Кампанія “Гавары праўду” вылучыла сваіх прадстаўнікоў у камісіі Гродзенскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №50 і Гродзенскай-Ленінскай выбарчай акругі №52. 

Гомель: АГП вылучае 10 прадстаўнікоў у акруговыя і абласную камісіі

27 чэрвеня ў Гомелі пройдзе паседжанне па стварэнню абласной і акруговых камісій па выбарах. Усяго ў Гомельскай вобласці сфарміравана 17 акруг. Па словах намесніка старшыні Аб“яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова, партыя прапанавала для ўключэння ў склад акруговых камісій дзевяць чалавек, і аднаго – у склад абласной камісіі. Па досведу мінулых гадоў мы выдатна ведаем, што ад апазіцыі ў склад камісій звычайна нікога не ўключаюць, а калі і ўключаюць – то толькі ў тым выпадку, калі гэта вельмі залежны чалавек, то бок у якога ёсць праца, іншыя «кропкі болю», на якія ўлада можа націснуць», - адзначыў палітык.

Таксама ў Гомельскай вобласці АГП плануе вылучыць 10 «спікераў» - то бок кандыдатаў у дэпутаты ПП НС. «Выбараў у Беларусі няма, таму мы называем нашых кандыдатаў менавіта спікерамі, асноўная мэта якіх – данесці да выбаршчыкаў інфармацыю, што ўлада ў краіне з“яўляецца замяняемай, а цяперашняя ўлада давяла краіну да ручкі, і далей толькі тупік, гэту ўладу патрэбна змяняць», - дадаў Васіль Палякоў.

Ён мяркуе, што большасць прэтэндэнтаў у парламент пройдуць працэдуру рэгістрацыі, бо «улада зацікаўлена, каб была бачнасць альтэрнатывы». Па некаторых акругах, акрамя партыйнага вылучэння, будзе праходзіць збор подпісаў у падтрымку таго ці іншага магчымага кандыдата метадам пікетавання. «Сезон зараз мёртвы, людзі на лецішчах ці ў адпачынку, таму па кватэрах хадзіць няма вялікага сэнсу, будзем праводзіць пікеты», - гаворыць палітык.

Ён не думае, што будзе істотна зменены ў дадзеную кампанію выбарчы працэс у бок дэмакратычнасці ці празрыстасці, справядлівасці. «Будуць дэкаратыўныя змены, улада будзе гуляць у дэмакратыю, істотна, па прынцыповых момантах, нічога не зменіцца», - рэзюмаваў Васіль Палякоў.

У акруговыя выбаркамы Случчыны і Салігоршчыны вулучаны прадстаўнікі дэмакратычных струтктур

Дэмакратычныя партыі і арганізацыі вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад аруговых выбарчых камісіяў Случчыны і Салігоршчыны. Перашкодаў у прыёме дакументаў аб вылучэнні дэмактывістаў з боку органаў, што фармуюць выбарчыя камісіі, не было.

Сваіх прадстаўнікоў у выбарчую камісію Салігорскай гарадской выбарчай акругі №68 накіравалі грамадскае аб’яднанне Рух “За Свабоду” - Міхаіла Тагіля і Аб’яднаная грамадзянская партыя - Віктара Малочку. У склад выбаркаму Салігорскай сельскай выбарчай акругі №69 дэмакратычнымі сіламі быў вылучаны толькі адзін прадстаўнік - Уладзімір Шыла ад Руху “За Свабоду”.

Дакументы аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад выбарчай камісіі Слуцкай выбарчай акругі №67 падалі “Рух за Свабоду” і БНФ. Ад Руху “За Свабоду” на сяброўства ў камісіі прэтэндуе Юры Мяцельскі, ад грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” - Зінаіда Цімошак. Яшчэ аднаго прадстаўніка БНФ дэлегаваў у слуцкі акруговы выбаркам ад партыі.

Утварэнне Слуцкай і Салігорскіх акруговых выбарчых камісій адбудзецца на сумесным пасяджэнні прэзідыума Мінскага абласнога Савета дэпутатаў і Мінскага абласнога выканаўчага камітэта 27 чэрвеня 2016 года.

Актывісты Бярозаўскага раёна вылучылі сваіх прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі

Бярозаўскі раён падзелены на 2 акругі. Бяроза і бліжэйшыя да яе вёскі былі аднесены да Пружанскай акругі № 9, а г. Белаазёрск Бярозаўскага раёна да Івацэвіцкай акругі №11. Так застаецца і зараз. Акрамя таго, што дыслакацыя акруговай  камісіі № 9 пераносіцца ў Бярозаўскі райвыканкам.

Дэмакратычная грамадскасць вылучыла сваіх чальцоў у абедзьве акруговыя выбарчыя камісіі.

Партыя БНФ вылучыла свайго прадстаўніка Ігара Меншыкава з Бярозы ў склад акруговай выбарчай камісіі акругі №9. У гэтую ж камісію бярозаўскія праваабаронцы разам з грамадскімі і партыйнымі актывістамі шляхам збору подпісаў вылучылі Тамару Шчапёткіну.

БСДП (Грамада) вылучыла свайго прадстаўніка Юрыя Кашталяна ў склад акруговай выбарчай камісіі акругі №11.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары