Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Райгазеты Гарадзеншчыны пра выбары: афіцыйныя паведамленні і дзейнасць “Белай Русі”

Сайты Слонімскай, Зэльвенскай, Дзятлаўскай, Навагрудскай, Лідскай і Ваўкавыскай раённых газет асабліва не спяшаюцца змяшчаць матэрыялы пра выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

На сайце газеты “Слонімскі веснік” апошняя інфармацыя пра выбары была апублікавана 16 чэрвеня. Гэта была агульная, дасланая ўсім раёнкам інфармацыя пра тое, што пачаў працаваць інфармацыйны рэсурс Цэнтравыбаркама “Выбары-2016”. І вось ужо амаль дзесяць дзён ніякай інфармацыі пра выбары не з’яўляецца.

А вось на сайце зэльвенскай райгазеты “Праца” апошні матэрыял быў апублікаваны 22 чэрвеня. Гэта матэрыял намесніка старшыні зэльвенскай раённай арганізацыі “Белая Русь” Іны Масевіч аб тым, што “Белая Русь” заявіла пра гатоўнасць да парламецкіх выбараў і будзе актыўна падтрымліваць сваіх прадстаўнікоў”.

Апошняя інфармацыя пра выбары на сайце навагрудскай раённай газеты “Новае жыццё” была апублікавана ажно 15 чэрвеня. Яна паведамляла пра тое, што “ЦВК аб’явіла аб стварэнні пазабюджэтнага фонду для фінансавання парламенцкай кампаніі”.

Апошняя інфармацыя пра выбары на старонках “Лідскай газеты” была апублікавана 16 чэрвеня. Яна апісвала межы выбарчых акругаў. І ўсё.

Не радуе матэрыялмі пра выбары сваіх чытачоў і ваўкавыская раённая газета “Наш час”. Толькі 10 чэрвеня апошні раз чытачы Ваўкавышчыны знайшлі інфармацыю пра выбары. Раёнка паведамляла тады, што “на дадатковую агітацыю кандыдатам трэба ўкладаць уласныя сродкі”. І больш інфармацый пра выбары не з’яўлялася.

 І толькі дзятлаўская раённая газета “Перамога” – адна з першых на Гарадзеншчыне, паведаміла пра рашэнне Дзятлаўскага райвыканкама № 255 ад 24. 6.2016 года аб вызначэнні месцаў, дзе правядзенне пікетаў з мэтай збору подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты падчас выбараў будзе забаронена. Забараняецца на Дзятлаўшчыне збіраць подпісы на адлегласці менш 50 метраў ад райвыканкама і распарадчых органаў, на тэрыторыі ўстаноў адукацыі і медыцыны, на тэрыторыі вакзала і аўтавакзала і ў пасажырскім транспарце. Такой інфармацыі пакуль няма на старонках іншых райгазетах Гродзенскай вобласці.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары