Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

На Случчыне і Салігоршчыне знікла амаль шэсць тысяч выбаршчыкаў

Спісачная колькасць выбаршчыкаў на Случчыне і Салігоршчыне істотна зменшылася ў параўнанні з мінулымі парламенцкімі выбарамі 2012-га года -- амаль на шэсць тысяч.

Толькі ў Слуцкай выбарчай акрузе №67 спісачная колькасць выбаршчыкаў  зменшылася на 3486 чалавек - з 63106 да 59620. Частка слуцкіх сельсаветаў уваходзіць у Копыльскую выбарчую акругу №66, але і там спісачная колькасць выбаршыкаў зменшылася амаль на тысячу.

Салігорская сельская выбарчая акруга №69 не далічылася 976 чалавек. У 2012-м годе ў ёй было 68036 выбаршчыкаў, сёлетні спіс складзе 67060. На больш чым за тысячу чалавек зменшыўся спіс і Салігорскай гарадской выбарчай акругі №68. Падчас мінулай парламенцкай кампаніі колькасць выбаршчыкаў складала 69600 чалавек, але ў гэтым годзе -- толькі 68365. Розніца на 1235 чалавек у меншы бок выглядае досыць дзіўна, бо насельнітва беларускай сталіцы шахцёраў за гэты перыяд павялічылася на некалькі тысяч.

Варта таксама адзначыць, што месцамі знаходжання акруговых выбарчых камісіяў ва ўсіх гэтых акругах абраныя будынкі раённых выканаўчых камітэтаў. Такое рашэнне не спрыяе працы акруговых выбаркамаў на ўмовах незалежнасці ад органаў выканаўчай улады.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары