Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Рагачоў: у мясцовай газеце тэму выбараў замяніў піяр «Белай Русі»

Рагачоўская раённая газета «Свабоднае слова» у адмысловай рубрыцы «Выбары» і на сайце газеты больш піша пра дзейнасць «Белай Русі», чым падае канкрэтную інфармацыю пра выбары ў ПП НС. Так, выданне змяшчае двойчы (і анонсам, і па факту) інфармацыю з «БелТА» пра тое, што «Белая Русь» вылучыць назіральніка у ЦВК. Сябра «Белай Русі» Сяргей Пігараў быў назіральнікам ад рэспубліканскага грамадскага аб“яднання на прэзідэнцкіх выбарах. Таксама паведамляецца, што «Белая Русь» вылучыць сваіх кандыдатаў на ўсе акругі, а таксама ў выбарчыя камісіі.

«Свабоднае слова» таксама піша і пра мясцовых актывістаў «Белай Русі», не шкадуючы мастацкіх літаратурных форм. «Дыяпазон дзейнасці Наталлі Зайцавай здаецца бязмежным. Пачынаючы ад выкладчыка музыкі, удзельніцы калектыву «Добры вечар» і заканчваючы старшынёй прафкаму, сябрам арганізацыі грамадскага аб“яднання «Белай Русі» - наша гераіня паспявае рэалізаваць сябе ў розных сферах жыцця. Прычым робіць гэта вельмі паспяхова», - піша раёнка. Не забывае выданне і пра цяперашняга дэпутата ПП НС, Уладзіслава Шчэпава, які, напрыклад, «напярэдані Дня беларускай пісьменнасці» (а святкавацца Дзень пісьменнасці будзе ў Рагачове толькі ў верасні – РЭД) уручыў старшыні Рагачоўскага райвыканкаму альбом «Зачараваны Беларуссю», аўтарам якога з“яўляецца яго калега – намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы ПП НС Уладзіслаў Цыдзік.

Нагадаем, эксперты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» прапаноўваюць ЦВК устрымацца ад асвятлення працы РГА «Белая Русь», а таксама іншых удзельнікаў выбарчай кампаніі. Так, за мінулы тыдзень на інфармацыйным рэсурсе vybory2016.by былі апублікаваны шэраг навін, звязаныя з дзейнасцю «Белай Русі». Пры гэтым рэсурс не ўтрымлівае інфармацыі аб дзейнасці іншых удзельнікаў выбарчай кампаніі ці назіральнікаў. Паколькі «Белая Русь» мае намер вылучыць сваіх кандыдатаў у дэпутаты, ЦВК павінна ўстрымацца ад асвятлення дзейнасці гэтага грамадскага аб“яднання, - лічаць праваабаронцы.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары