Гомельская вобласць: колькасць выбаршчыкаў у сельскіх раёнах істотна зменшылася
Істотна зменшылася колькасць выбаршчыкаў у сельскіх акругах Гомельскай вобласці. Так, у 2012 годзе, на мінулых выбарах у парламент, у склад Хойніцкай акругі №47 уваходзілі Брагінскі, Хойніцкі, Лоеўскі, Нараўлянскі раён, а таксама 12 сельскіх Саветаў Рэчыцкага раёна. Агульная колькасць выбаршчыкаў у 2012 годзе ў Хойніцкай акрузе складала 61 613 чалавек. На выбарах-2016 у парламент колькасць выбаршчыкаў у гэтай акрузе – 58 066 чалавек, і гэта пры тым, што да акругі дадаліся яшчэ два сельскія Саветы Рэчыцкага раёна.
У Жыткавіцкай акрузе №39 на мінулых парламенцкіх выбарах налічвалася 58 726 выбаршчыкаў, а ў акругу ўваходзілі Жыткавіцкі, Петрыкаўскі і частка Лельчыцкага раёна (4 сельскія Саветы). На цяперашніх выбарах у склад акругі далучылі 7 сельскіх Саветаў Лельчыцкага раёна, але колькасць выбаршчыкаў зменшылася і склала 57 905 чалавек.
У 2012 годзе Калінкавіцкая акруга №41 (у яе складзе – два раёны: Калінкавіцкі і Акцябрскі) налічвала 59 699 выбаршчыкаў, а ў 2016 годзе – 57 564, больш чым на тысячу меней.
Разам з тым, больш стала выбаршчыкаў у некаторых акругах, размешчаных у Гомелі. Так, на мінулых выбарах у парламент Гомельская-Юбілейная акруга №31 налічвала 64 900 выбаршчыкаў, а зараз – 69 970. Але на выбарах-2016 у дадзеную акругу былі далучаны яшчэ пасёлак Касцюкоўка і Яромінскі сельскі Савет Гомельскага раёна. Больш чым на тысячу выбаршчыкаў (было 68 380, стала 69 521) павялічылася Гомельская-Сяльмашаўская акруга №32. Гомельская-Цэнтральная акруга №33 зараз налічвае 69 193 выбаршчыкі, у 2012 годзе іх было 62 520. Разам з тым, павелічэнне колькасці выбаршчыкаў звязана за змяненнем межаў акругі.